Казацкая шабля папоўніць фонды Музея Беларускага Палесся (абноўлена)



Казацкая шабля 17-га стагоддзя ды рэшткі старадаўняй жывёлы, знойдзеныя ў час рэканструкцыі Пінска да берасцейскіх “Дажынак-2014”, захоўваюцца ў Музеі Беларускага Палесся. Па папярэдняй версіі археолага, прафесара Пятра Лысенкі, косткі належаць першабытнаму быку – туру, а шабля – паўстанцу ўкраінскага гетмана Багдана Хмяльніцкага.

Пакуль экспанаты не могуць папоўніць музейныя фонды. У Менску праходзіць навуковая экспертыза костак, а на шаблю трэба аформіць неабходныя дакументы. Намесніца дырэктара музея Святлана Лазюк адзначае, што гэта вымагае шмат часу:

– Усё тое, што раскапаў Лысенка, усе археалагічныя знаходкі, пазней атрымае музей пасля дадатковай навуковай апрацоўкі. Хоць экспанаты і захоўваюцца ў нас, але інстытут павінен даць дазвол, і толькі тады экспанаты афіцыйна перададуць нам. А гэта працяглы працэс, на жаль.

Пётр Лысенка ўважліва сочыць за будаўнічымі працамі ў гістарычным цэнтры горада над Пінай. Ён перакананы, што дзядзінец палескай сталіцы захоўвае шмат таямніц.

* * *

Казацкая шабля 17-га стагоддзя, знойдзеная ў Пінску вядучым археолагам Палесся, прафесарам Пятром Лысенкам, чакае свайго часу, каб заняць пачэснае месца ў Музеі Беларускага Палесся.

rafesar_Petr_Lysenka

Гэта вельмі сімвалічна, бо шабля будзе захоўвацца ў будынку, каля якога яе знайшлі, і верагодна, што тут жа загінуў яе ўладальнік у час змагання за Пінск у палове 17-га стагоддзя. Жыхары горада над Пінай падтрымалі паўстанне казацкага гетмана Багдана Хмяльніцкага. Крыніцы сведчаць, што менавіта ў езуіцкім калегіуме казакі трымалі моцную абарону. Намесніца дырэктара Музея Беларускага Палесся Святлана Лазюк гэтаму не здзіўляецца. Будынак будавалі з улікам магчымых вайсковых падзей:

– Рэч у тым, што калегіум будаваўся не толькі як школа манахаў, кляштар, але і фартыфікацыйнае збудаванне. Бо ўсе каменныя збудаванні 16-18 стагоддзяў – гэта і фартыфікацыйныя збудаванні. У выпадку вайны, асады яны  маглі прымаць асаду.

Казацкая шабля папоўніць фонды музея тады, калі ў Менску навукоўцы падрыхтуюць адпаведныя нарматыўныя дакументы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота p-v.by