Казка ў пана Яна пад Гаўяй
8 год таму ў краіне мусіў пачацца масавы агратурыстычны бум. Лукашэнка раптам абурыўся тым, што “прастойваюць” шматлікія запаветныя мясціны. І аб’явіў пра зніжэнне падаткаабкладання з 20% да 5% для агратурыстычных гаспадароў. І пра каштоўную магчымасць атрымліваць імі банкаўскія крэдыты. Разлічвалася, што сотні людзей кінуцца будаваць сядзібы, куды панаедуць шматлікія турысты і зробяць важкі ўнёсак у бюджэт. Аж не! На працу, як кажуць, “па 25 гадзін у суткі” пагадзіліся нямногія. Затое тыя, у каго атрымалася і хто лёгкі на ініцыятыву ды розныя прыдумкі, вядомы сёння далёка за межамі Беларусі.
Сядзіба пана Яна пад Гаўяй месціцца ў камерцыйна выгодных мясцінах побач з аднайменнай чыгуначнай станцыяй, Налібоцкай пушчай ды Лідскім замкам. Здалёк бачны двухпавярховы драўляны зруб на ўзвышшы. Мяне радасным брэхам ды скокамі сустрэў Пірат – сабака з чорнай поўсцю. На двары – драўляныя фігуры, навес з кастрышчам ды мангалам, лазня і тэатральная (!) сцэна. А вось і сам пан Ян Марціновіч – статны, зычны, з вялікай барадой. 22 гады ён адпрацаваў у Варшаўскім лялечным тэатры “Бай”, аб’ездзіў усю Еўропу. На парозе – жонка,жыццялюбная, гаваркая спадарыня Людміла. А валодае ангельскай, польскай і нямецкай мовамі. Сам пан Ян, патомасны лідчук у некалькіх каленах, беларускую мову не засвоіў – позна (смяецца).
Ян: “Беларускую мову слухаў бы і слухаў – уваходзіць, як той крэм на торце. Спрабуем з жонкай традыцыі і абрады захаваць. І заўжды кажам – калі ласка! Усё жыццё, як магнітам, імкнуўся на Лідчыну, дзе нарадзіўся. Калі складана было праехаць праз мяжу, пісаў да цётак адной, другой .Тут уся сям’я пахаваная – дзень трачу на Радуніцу, каб усіх з кветкамі ды свечкамі абысці. Прадзед, дзядуля, прабабкі нарадзіліся ў Старых Васілішках, дзе і Чэслаў Неман. У хаце цэлы звярынец – тры кошкі будуць раджаць, з Піратам шэсць сабак – дачкі і ўнучкі …”
Людміла: “Ідэя пастаянна пасяліцца прыйшла яму. Я на 4 паверсе ў горадзе вырасла і да зямлі ніякіх адносінаў не мела. У бацькоў былі “шчаслівыя” шэсць сотак, але я туды не паказвалася. І зараз на градках сяджу, у неба гляджу, кажу: “Мама, што са мной зрабілі?!” (смех) У таты быў панскі дом тут, і Залейкі мы купілі. Прадалі кватэру трохпакаёвую, і гэта быў першапачатковы капік. Не ведалі, з чаго пачынаць. Зарэгістраваліся ў сельсавеце і пайшлі з Янушам у турыстычныя фірмы. Адзіная магчымасць сябе разрэкламаваць была праз транстурыстаў, якіх аўтобусамі па 40-50 члавек дагэтуль на выхадныя прывозіць фірма “Долсан” . А яны працуюць праз прафсаюзы на сталічных прадпрыемствах. Прыедуць – толькі нахвальваюць траўку зялёную…
Ян: “Нёман рамантычны, як мужчына, бярэ пад ручку Гаўю, ласкавую, з жоўтым пясочкам, і ўводзіць. Тут роварам паўтара км па лугу і рака. Пасля касцярок ды танцы з песнямі. У нас “чуецца вёска” – няма тратуараў з пліткамі, выкладзена ўсё камянямі, як за польскім часам. “Дурны” Ян замест таго, каб дрэва ў сядзібе цэглай абкласці, цэглу дубам абклаў. А яшчэ ў нас “зялёны казачны шлях”, дзе цыганка казанні бавіць, у бярлогу мядзвежую заводзіць ды хаціну Бабы Ягі. Ну, і канешне пасля – канцэрты на сцэне – усе ансамблі Івейшчыны перабывалі. Даем да 14 шоў у сезон. Заўжды “пад рукой” самародак-баяніст, які што заўгодна тваёй душы зайграе ды праспявае…”
РР: “А сам пан Ян на сцэну выходзіць?”
Ян: “Не, толькі з вітаннямі, пажаданнямі ды анекдотамі…”
Зараз адначасова гаспадары прымаюць па 30 чалавек, на апошнія Каляды – 120.
РР: “А ці выйшлі за 7 год існавання на прыбытак?”
Ян: “Прыбытак пакуль “па нулях” – будуемся цэлы час. Калі прыехалі, тут была толькі хатка. Свідравіну для вады зрабілі, лазню, ванныя пакоі з гарачай вадой і дабротамі ў нас…”
РР: “А крэдытаў колькі набралі?”
Людміла: “О, пакуль давалі – 15 тысяч даляраў. Другі ўчастак купілі, хочам зрабіць для рыбакоў і паляўнічых домікі з лазняй па-чорнаму. Танны адпачынак: можна з намётамі пасярод зеляніны. З пазамінулага года ў нас святкуюць вяселлі – пад навесам зараз умяшчаюцца 50-60 чалавек. Ёсць пакойчыкі для адпачынку, каму трэба. З замежнікаў едуць найбольш з Польшчы, дзе Яна палова краіны ведае. Таксама немцы, былі ўжо з Казахстана і Уетнама. Але асабліва кранаюць маладыя з Ізраіля. Іўе ж да Другой сусветнай было “жыдоўскім” мястэчкам, пакуль усіх немцы не пастралялі. Дык яны кожную кветачку, траўку фатагрфуюць тут. На могілкі ездзяць. І шчыра радуюцца, танцуюць – ніколі ані з гарэлкай ці півам!”
РР: “Ян, вы ў Варшаве добра ведалі, што рэжым Лукашэнкі бізнес цісне – вялікія падаткі і немагчымасць узяць крэдыты. І ўсё-такі ў Беларусі пачалі справу…”
Ян: “Спачатку я толькі хацеў купіць хату і адпачываць на пенсіі ў сваіх Васілішках. І ніколі не думаў, што буду бізнес закладаць. Але замкнуцца не змог, чаму і сцэну пабудаваў – калі ў табе акцёр закладзены, дык да скону! Гэта радасць вялікая – назіраць, як людзі з асалодай адпачываюць. І прыбытак будзе – о-го-го! І як буду на кладаўі, замест палявых кветак Люська будзе ружы мне прыносіць…” (смех )
Калі будзеце ехаць па сучаснаму аўтабану на Менск альбо Гародню, абавязкова за 20 км ад Ліды паабапал раз’язднога моста ўбачыце беларускамоўныя ўказальнікі “Сядзіба пад Гаўяй у пана Яна”. Смела заязджайце – вас сустрэнуць, накормяць і дапамогуць весела, запамінальна прабавіць час.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара