„Казюкі” ў Гародні збяруць народных майстроў з Беларусі і Польшчы



Традыцыйны кірмаш „Казюкі” збярэ ў Гародні майстроў і рамеснікаў з Беларусі і Польшчы, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага гарвыканкама.

Вядомы ў Гародні яшчэ з часоў сярэдневякоўя кірмаш „Казюкі” 4 сакавіка ператворыць у горад майстроў цэнтральную плошчу абласнога цэнтра – Савецкую. Галоўная асаблівасць кірмашу – вырабы ручной работы. Сябе пакажуць звыш 200 майстроў са многіх рэгіёнаў Беларусі, таксама чакаюць гасцей з Польшчы.

Тут можна будзе набыць вырабы з гліны, скуры, дрэва, металу, саломкі. Рамеснікі правядуць майстар-класы, прапануюць наведвальнікам самім вырабіць сувенір на памяць. У прыватнасці, запланавана арганізацыя кавальскага гарадка, дзе кожны жадаючы зможа паспрабаваць сябе ў каванні.

Стартуюць „Казюкі” ў 11 гадзін. Свята прадоўжыцца ўвесь светлавы дзень. Зрэшты, калі дазволіць надвор’е, то рамесны гарадок разгорнецца і 3 сакавіка, таму што іншагароднія госці прыязджаюць у Гародню загадзя. „Казюкі” славяцца не толькі святочным гандлем, але і культурнай праграмай. Выступаюць тут фальклорныя песенныя і танцавальныя калектывы.

Цырымонію адкрыцця, канцэртную праграму праводзяць на трох мовах – беларускай, літоўскай, польскай. Кірмаш даўно стаў адной з самых значных падзей у культурным жыцці горада. Арганізатарамі яго выступаюць Гарадзенскі гарвыканкам і Гарадзенскі гарадскі аддзел Саюза палякаў на Беларусі.

Кірмаш „Казюкі” праводзіцца ў Гародні штогод у памяць аб святым Казіміру – заступніку моладзі, майстроў і рамеснікаў. Святы Казімір быў унукам Ягайлы і сынам правіцеля Літвы і Польшчы – Казіміра IV. Малады княжыч з роду Ягелонаў пражыў нядоўгае жыццё, памёр 4 сакавіка 1484 года, яго астанкі з Гародні перавезены ў Вільню. У 1604 годзе Казімір кананізаваны, яго сталі шанаваць як заступніка майстравых людзей. Мошчы святога Казіміра знаходзяцца ў Віленскім кафедральным саборы. У Літве таксама шырока святкуюць „Казюкі” (Kaziukas), у літоўскіх гарадах і сталіцы праходзяць шматлікія кірмашы рамеснікаў. Галоўнымі атрыбутамі свята лічацца пернікі з урыўкамі з Евангелля і спецыяльна аформленыя галінкі вярбы – „казіміркі”.

belta.by