Хадановіч прысвяціў песню 25-годдзю падзення берлінскай сцяны
Паэт і спявак прадстаўляе кампазіцыю „Муры” з аднайменнага дыска, запісанага на словы Яцака Качмарскага.
Хадановіч упершыню праспяваў беларускую версію «Муроў» на Плошчы-2010. Гэта пераклад аднаго з галоўных хітоў польскай «Салідарнасці» ў выкананні Яцака Качмарскага.
[youtube id=”fp8UsxCitqw”]
Яшчэ раней – у 1968 годзе версія «Муроў» на каталонскай мове гучала падчас змагання з дыктатурай Франка.
[youtube id=”vNSKik-Tuv0″]
Беларускі перакладчык і выканаўца гэтай песні мяркуе, што яна пасуе і да іншай гістарычнай падзеі – падзення берлінскай сцяны. 9 лістапада споўнілася 25 год з таго дня, як былі разбураны муры.
«Мяркую, што з гэтым фактам варта павіншаваць усіх беларусаў. Калі Луіс Льяк спяваў сваю песню, ён не ведаў, як хутка будзе дазволена яго родная каталонская мова і скончыцца дыктатура Франка. Калі спяваў Качмарскі, ён не ведаў, як хутка рухне берлінскі мур, Польшча зробіцца свабоднай, а Савецкі Саюз ляснецца. Яны не ведалі, але добра зрабілі сваю справу. Перакладаючы і спяваючы, я хацеў працягнуць гэтую “эстафету”. Мы таксама не ведаем, як хутка і які плён будзе мець тое, што мы робім», – зазначыў Андрэй з нагоды прэм’еры cтудыйнай версіі гэтай песні.
Песня была запісана на берасцейскай студыі «Паветра». Да запісу трэка спрычыніліся: Віталь Эпаў і Любоў Эпава (клавішы і аранжыроўка), Андрэй Еўдакімаў (гітара), Аляксандр Буцько (акардэон), Андрэй Багданаў (запіс, звядзенне, майстарынг)
Андрэй Хадановіч запісаў цэлы дыск на ўласныя пераклады Яцака Качмарскага, які нядаўна выйшаў у Польшчы. Яго прэзентацыя адбудзецца 12 лістапада ў галерэі «Ў».