Хаменка – акустычны канцэрт у Гародні



Алег Хаменка, лідар гурта “Палац” выступіў у Гародні з паўтарагадзінным канцэртам у „Цэнтры гарадскога жыцця”.

Для многіх гарадзенцаў, што прыйшлі на канцэрт, гэты выступ стаў першым, дзе яны ўжывую змаглі паслухаць песьні гурта “Палац”:

– Неверагодна ўжывую бачыць і спяваць разам  з чалавекам, чый голас рэгулярна чуеш па радыё.

– Упершыню на ягоным канцэрце. Асаблівым аматарам “Палаца” не з’яўляюся, а аказваецца, усе песні ведаю.

– Мой тата слухае „Палац”. Ён навучыў мяне слухаць сапраўды вартую музыку. Калі мне было дзесяць гадоў ці навт меньш, я “Палац” слухала. Вельмі рада, што маю магчымасць сёння паслухаць Алега Хаменку ў нас у Гародні.  

Сам музыка Алег Хаменка  вельмі ўсцешаны гарадзенскім канцэртам:

– Канцэрт, як я лічу, атрымаўся вельмі цёплы. Можа быць я, канешне, хацеў, каб публіка была больш актыўная ў пытаннях, але яны слухалі ўсё, як абсалютнае мастацтва. Гэта трошкі адказна. Я б хацеў больш разняволеных момантаў. Я ўражаны. Бісы спяваў. Спяваў паўтары гадзіны. Я думаў, што ўсе стаміліся. Не, прымусілі яшчэ і яшчэ спяваць. І я  гэтаму вельмі і вельмі рады.

Гарадзенцы пасля выступу яшчэ амаль гадзіну не адпускалі музыку: рабілі з ім здымкі, бралі аўтографы. Наступным музыкам, што завітае ў Гародню з канцэртам ў „Цэнтр гарадскога жыцця” будзе Зміцер Вайцюшкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня