ХІ Фестываль незалежнай беларускай культуры ў Вроцлаве (абноўлена)



У Вроцлаве працягваецца Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры. Цягам трэцяга дня імпрэзы адбываецца выстава Аляксандры Канафальскай, а таксама прэзентацыя кнігі „Cela”.

* * *

У Вроцлаве ў гэтыя дні ладзіцца 11-ы Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры. Другі дзень падзеі ўключаў фотавыставу «Цягнік Менск-Вроцлаў», акцыю напісання лістоў палітвязням, а таксама сустрэчу з паэтам і палітычным дзеячам Уладзімірам Някляевым.

Наперадзе – майстар-класы для дзяцей і дарослых, экскурсія, выступы тэатраў, мастакоў, музыкаў і шматлікае іншае.

Пра асаблівасці сёлетняга фэсту распавядаюць яго арганізатаркі Наталля і Таццяна:

Перад гэтым мы праводзілі фестываль у Вроцлаве на Дольным Шлёнску менавіта больш для палякаў, каб пазнаёміць іх з культурай Беларусі. Каб нашыя музыкі, паэты маглі паказаць сваю творчасць тут, у Польшчы, таму што шмат гадоў гэта было немагчыма. А зараз пасля масавых пратэстаў 2020 года, наш фестываль мае крышку іншую мэту. Гэта ў першую чаргу аб’ядноўваць беларусаў. Хэштэгам фестывалю з’яўляюцца словы “Разам лепей”.

Фестываль Незалежнай Беларускай Культуры будзе працягвацца ў Вроцлаве да 8-га кастрычніка ўключна.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя