ХХХV канферэнцыя «Каласавіны» адбудзецца 3-4 лістапада
Нягледзячы на тое што ўжо некалькі пакаленняў даследчыкаў займаецца вывучэннем жыцця і творчасці Якуба Коласа, кожны год выяўляюцца новыя факты, звязаныя з беларускім класікам. Пра свежыя адкрыцці і знаходкі можна будзе даведацца на юбілейнай ХХХV навуковай канферэнцыі «Каласавіны», якая пройдзе на базе Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і філіяла музея «Мікалаеўшчына».
Каласавіны праводзяцца з 1985 года і традыцыйна прыпадаюць на дзень нараджэння Песняра, 3 лістапада. Яны ўключаюць не толькі навуковыя форумы, але і шэраг культурных мерапрыемстваў.
Да ўдзелу ў канферэнцыі далучаюцца літаратары, мовазнаўцы, музейныя супрацоўнікі, навукоўцы, выкладчыкі ВНУ, спецыялісты па ахове спадчыны, гісторыкі, архівісты, культуролагі, мастацтвазнаўцы.
На навуковым форуме разглядаюцца пытанні, звязаныя з творчасцю класіка, а таксама актуальныя праблемы мовазнаўства, музеязнаўства, вывучэння, захавання і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, узаемадзеяння літаратурных музеяў з іншымі ўстановамі.
Сёлета канферэнцыя прысвечана 115-годдзю пачатку творчай дзейнасці Якуба Коласа і 100-годдзю першага выдання зборніка алегарычных апавяданняў. У межах «Каласавін» адбудзецца і ўрачыстае адкрыццё часовай экспазіцыі «У той песні, шырокай, як свет…», якраз прысвечанай знакамітым «Казкам жыцця» Песняра. Алегарычныя апавяданні Колас пісаў з 1906 года да апошніх дзён, хоць і з вялікім перапынкам у 1930—1940-я гады. У канцы свайго зямнога шляху пісьменнік рыхтаваў «Казкі жыцця» да перавыдання, бо да таго часу асобнай кнігай алегарычныя апавяданні выйшлі толькі ў 1928 годзе. На экспазіцыі можна будзе пабачыць зборнік з праўкамі самога Коласа. А таксама выстаўка змесціць пераклады некаторых апавяданняў на англійскую, французскую і таджыкскую мовы.
«Каласавіны» пройдуць 3 і 4 лістапада. Мерапрыемствы пачнуцца з ускладання кветак да помніка Якуба Коласа. У праграме — наведванне мемарыяльных сядзіб і канцэрт з удзелам творчых калектываў Стаўбцоўскага раёна.