„Хочацца, каб не забывалі нашу палескую разумніцу”
Землякі даследчыцы беларускай літаратуры, паэтэсы Любові Тарасюк (1953-2006) чарговы раз паспрабуюць дабіцца годнага ўшанавання яе памяці на малой радзіме. Летась на Піншчыне ў вёсцы Пінкавічы з’явілася ініцыятыва, каб надаць імя навукоўцы мясцовай бібліятэцы, што сімвалічна.
Першапачаткова ўлады нібы пагадзіліся, але справа так і не зрушылася з месца. Падтрымалі прапанову і менскія калегі даследчыцы, сярод якіх прафесар Адам Мальдзіс і драматург Сяргей Кавалёў.
Літаратар Анатоль Шушко адзначае, што неацэнны ўнёсак у беларушчыну зрабілі дзве паляшучкі – Любоў Тарасюк і Яўгенія Янішчыц, якіх, на жаль, напаткаў самотны лёс:
– Светлы твар і разумныя вочы, няхай сабе праз акуляры. І хочацца, каб не забывалі нашую палескую разумніцу. Люба мне нечым нагадвала ў апошнія гады жыцця Жэню Янішчыц. Але ўспамінаючы Жэню ўжо перад самай яе смерцю, згадваю, што была яна не падобная сама на сябе. Далёкая яна нейкая была ад жыцця.
Любоў Тарасюк нарадзілася ў Пінкавічах, дзе і заўчасна памерла ад цяжкай хваробы. Яна каля 30-ці гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе атрымала званне дацэнта. Напісала звыш двухсот навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы, рэдкалегію часопіса “Маладосць” ды з’яўлялася ганаровым чальцом Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У навуковае жыццё яе вывелі Ніл Гілевіч і Васіль Быкаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя