Хорар-спектакль „Вій” рэпеціруюць у Палескім драмтэатры
Палескі драматычны тэатр рыхтуе прэм’еру спектакля паводле аповесці Мікалая Гогаля „Вій”, паведаміў рэжысёр-пастаноўшчык Павел Марыніч.
У тэатры гэта не першая ўжо спроба паказаць „Вія”. Пінчане і госці горада нарэшце змогуць убачыць на сцэне пастаноўку вядомай міфічнай гісторыі. За аснову спектакля ўзяты аповесць Мікалая Гогаля „Вій” і п’еса драматурга Ніны Садур „Панначка”. Жанр пастаноўкі рэжысёр Павел Марыніч абазначыў як хорар, але не абыдзецца ў ім без долі гумару. Прэм’ерны паказ будзе прымеркаваны да Сусветнага дня тэатра – на 29 сакавіка.
„У кінематографе такі жанр папулярны. Каб прывабіць моладзь у тэатр, вырашылі зрабіць спектакль жахаў. У першую чаргу яго мэтавая аўдыторыя – гледачы ад 16 да 30 гадоў. Рэпетыцыі пачалі яшчэ ў мінулым лістападзе. Вясной у публікі будзе магчымасць ацаніць нашу работу”, – сказаў Павел Марыніч. Працуючы над „Віем”, ён пазнаёміўся з такімі пастаноўкамі ў Кіеве і Адэсе.
Спектакль напоўнены ўкраінскім каларытам, дэкарацыі зроблены ў цёмных і сумных тонах. Гарманічна падабрана музычнае суправаджэнне. „У спектаклі пакажам два бакі жыцця – цёмны і светлы. Таму акрамя страху хочацца выклікаць у гледачоў пачуцці суперажывання да персанажа, каб яны задумаліся аб правільнасці ўчынкаў, каштоўнасці чалавечага жыцця”, – адзначыў рэжысёр.
Акрамя „Вія” ў рэпертуары Палескага драмтэатра ёсць містычная легенда „Чорная панна Нясвіжа”, камедыя „Трое на арэлях”, трагедыя „Няхай спыніцца вайна”.