Хто стане лаўрэатам літпрэміі імя Ежы Гедройца? Глядзіце ONLINE-трансляцыю!
25 верасня стануць вядомыя новыя лаўрэаты літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.
Сярод прэтэндэнтаў – прадстаўнік беларускай літаратуры Беласточчыны Міхал Андрасюк. Ягоны раман „Поўня” трапіў у шорт-ліст прэміі. Сам аўтар называе гэты твор вельмі важным у сваёй творчасці, які ён выношваўся многія гады:
– „Поўню” я выношваў вельмі доўга, гадамі я б сказаў. Канцэпцыі былі таксама розныя, яны мяняліся. Заўсёды ёсць праблема, калі пачынаю новую кніжку, што хачу і як. Толькі калі знайду адказ на два гэтыя пытанні, тады ўжо можна сказаць, што нешта атрымаецца.
Калі кніга была ўжо напісаная, Міхал Андрасюк пабачыў у ён незавершанасць, нават спрабаваў перапісаць па-новаму. Аднак, калі кнігу высока ацанілі ў Беларусі, то вырашыў пакінуць як ёсць:
– Быў такі момант таксама, каб перапісаць гэту кнігу яшчэ раз на польскай мове ўжо для польскага чытача. Я нават пачаў нешта крэмзаць на паперы. Гэта была б крыху іншая кніга, для іншага чытача. Калі „Поўня” „запаўзла” ў фінал прэміі Гедройца, я палічыў, што цяпер ужо не маю права, гэта ўжо не мая кніга, гэта ўжо кніга, якая патрапіла ў беларускую літаратуру, яна закончаная.
Сёлета на прэмію імя Ежы Гедройца было пададзена 34 кнігі. У лонг-ліст трапіла 12 кніг. Шорт-ліст прэміі складаецца з 6-ці кніг. Прэмія Гедройца мае тры намінацыі для лаўрэатаў. Але грашовую ўзнагароду і пераможныя лаўры атрымлівае толькі галоўны лаўрэат.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя