Хто ў адказе за захаванне помнікаў архітэктуры?



Пракуратура Гарадзенскай вобласці звярнулася да мясцовых уладаў з патрабаваннем больш жорсткага кантролю за захаваннем гістарычна-культурнай спадчыны, якая прадаецца прыватным інвестарам. Паводле адпаведнай праверкі высветлілася, што шэраг гістарычных будынкаў пасля продажу мэтава не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ў катастрафічным стане. Сярод адмоўных прыкладаў – комплекс гарадзенскага піўзавода, дом купца Мураўёва і гістарычны будынак па вуліцы Гараднічанская, 23 у абласным цэнтры. Пракуратура прапаноўвае пры продажы аб’ектаў уключаць у дамову акрэсленыя тэрміны рэканструкцыі, а за невыконванне – жорсткія штрафныя санкцыі. Гісторык Генадзь Семянчук сумняецца, што такія захады паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі з захаваннем спадчыны:

– Дзяржава можа, а самае галоўнае – павінна паказаць хаця б на некалькіх прыкладах узорнасць такой працы. Бо, натуральна, прыватны інвестар спрабуе лічыць свае грошы, акрамя гэтага, не заўсёды інвестар мае такі патэнцыял і такія магчымасці, як дзяржава.

Тым часам Гарадзенская абласная пракуратура высветліла парушэнні заканадаўства падчас продажу і перапродажу комплексу будынкаў гарадзенскага піўзавода. Гэта акалічнасць стала падставай для зварота ў эканамічны суд з патрабаваннем аб вяртанні маёмасці ў дзяржаўную ўласнасць.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота forum.grodno.net