Хто ўкленчваў перад Жыровіцкай Іконай Божай Маці?



Вёска Жыровічы з вядомым у свеце Свята-Успенскім манастыром знаходзіцца кіламетраў дзесяць ад Слоніма. Штогод манастыр наведвае больш за 60 тысяч турыстаў і вернікаў з усяго свету. Прыязджаюць у сам манастыр, а таксама, каб памаліцца Жыровіцкай Іконе Божай Маці, якая захоўваецца ва Ўспенскім саборы. Перад Іконай за 500 гадоў укленчвалі мільёны людзей з усяго свету. І толькі Прачыстая ведае, як пісаў айцец Леў Гарошка, колькі сыноў і дачок звярталіся да яе і колькі Ікона ім дапамагла.

Немагчыма нават пералічыць, колькі славутых беларускіх магнатаў і мецэнатаў маліліся Іконе Жыровіцкай Божай Маці. Перад ёю станавіліся на калені Астрожскія, Агінскія, Палубенскія, Войны, Сапегі, Солтаны, Радзівілы, Слізьні – ды ўсіх не пералічыць. Шмат разоў Іконе Жыровіцкай Божай Маці маліўся вялі канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега.

Каралі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай вельмі часта і пакорна схілялі перад Іконай свае галовы. Уладзіслаў IV разам з каралеваю адведаў Жыровічы 9 снежня 1644 года і былі там два дні. У 1667 годзе кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір аддаў Жыровіцкаму манастыру вёскі Баравікі і Була. Ён таксама прыязджаў пакланіцца Іконе перад паходам на Багдана Хмяльніцкага ў час антыфеадальнай вайны ў 1648-1651 гадах. Кароль Ян Казімір заклікаў: “Мы вечна павінны з пашанаю аддаваць чэсць гэтаму абразу Божай Маці, бо праз Яе заўсёды атрымліваюцца багаславенствы і паводзіны дзяржаве”. І Ян III Cабескі двойчы наведаў Жыровічы. Першы раз у 1683 годзе перад бітвай пад Венай, а другі раз разам з каралевічам Якубам у 1688 годзе. Амаль кожны манарх з дынастыі Ягелонаў таксама пабываў у Жыровічах.

Не абмінуў Жыровічы і Аўгуст II Сас, а таксама Станіслаў Панятоўскі пакорна ўкленчваў перад Жыровіцкай Багародзіцаю… У 1929 годзе Жыровіцкай Іконе пакланяўся прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя