Хто выступіць ад Беларусі на „Еўрабачанні-2021”?



Беларусь рыхтуецца да Еўрабачання 2021, дакладней, шукае новага канкурсанта – пераможца леташняга адбору – гурт VAL не паедзе. Белтэлерадыёкампанія адхіліла іх ад удзелу у конкурсе, маўляў, яны страцілі давер – падтрымалі пратэстны рух у Беларусі. А павінны былі паехаць, бо ў мінулым годзе конкурс з-за каронавірусу не праводзіўся. Беларускі фонд культурнай салідарнасці ініцыяваў працэдуру выключэння дзяржаўнага тэлебачання з Еўрапейскага вяшчальнага саюза, які арганізуе конкурс. Але арганізацыя адказала – у палітыку яны не ўмешваюцца. Наша мэта – не пазбавіць беларусаў Еўрабачання, а дамагчыся справядлівасці, кажа кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасці Сяргей Будкін:

– Ёсць як бы фармальна магчымасці гэта зрабіць. І я думаю, што калі нам гэта ўдасца, гэта будзе сапраўдная перамога і свабоды творчасці, у тым ліку. Бо мы хочам, каб Беларусь удзельнічала ў „Еўрабачанні”, але мы хочам, каб гэта былі легальныя прадстаўнікі і каб яны былі пажадана пад нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам. Задача максімум: мы не выступаем супраць „Еўрабачання”, мы выступаем супраць БТ як злачыннай структуры.

„Еўрабачанне” – вяртаецца ў траўні. Паведамляе Еўрапейскі вяшчальны саюз. Летась ўпершыню з 1956 года правядзенне песеннага конкурсу адмянілі з-за пандэміі. Сёлета конкурс правядуць, як і меркавалася, у Ратэрдаме, але ў незвычайным фармаце – віртуальна і без гледачоў. Удзельнікам, у якіх не атрымаецца праехаць у Нідэрланды, дазволяць выкарыстоўваць жывыя запісы сваіх выступаў. Паўфіналы „Еўрабачання” пройдуць 18 і 20 траўня, фінал – 22-га.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя