Хто з нараджэнцаў Беларусі найбольш вядомы ў свеце?



Каманда амерыканскіх дызайнераў, інжынераў і навукоўцаў стварыла некамерцыйны праект The Pantheon з мэтай матэматычна прааналізаваць глабальную культурную спадчыну. Для вызначэння сусветнай вядомасці гістарычных асобаў The Pantheon выкарыстоўвае складаную методыку з двухпавярховымі формуламі. Калі каротка, падлічваецца колькасць моўных версій біяграфічных артыкулаў ў „Вікіпедыі” і колькасць іх праглядаў. Прыналежнасць да краіны вызначаюць па месцы нараджэння.

Так выглядае спіс сусветных знакамітасцяў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі:

1. Адам Міцкевіч (24 снежня 1798, фальварак Завоссе Навагрудскага павета Літоўскай губерні Расейскай імперыі (цяпер Баранавіцкі раён, Берасцейская вобласць, Беларусь), а ў некаторых крыніцах Навагрудак — 26 лістапада 1855, Канстанцінопаль, Асманская імперыя) — польскі паэт беларускага паходжання, публіцыст, асветнік, дзеяч нацыянальна-вызваленчага польскага руху, сябар Таварыства філаматаў.

2. Шымон Перэс (2 жніўня 1923, Вішнева, Польшча, цяпер Валожынскі раён, Беларусь — 28 верасня 2016, Рамат-Ган, Ізраіль) — ізраільскі палітычны дзеяч, Прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль з 2007 па 2014 годы.

3. Леў Выгоцкі (першапачатковае імя — Леў Сімхавіч Выгодскі; 5 (17) лістапада 1896, Орша — 11 чэрвеня 1934, Масква) — савецкі псіхолаг, заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі.

 

4. Марк Шагал (7 ліпеня 1887, Віцебск — 28 сакавіка 1985) — беларускі і французскі мастак. Пры нараджэнні будучага мастака назвалі Маісеем, імя на Марка ён змяніў, калі пераехаў у Санкт-Пецярбург.

5. Менахем Вульфавіч Бегін (16 жніўня 1913, Берасце — 9 сакавіка 1992, Тэль-Авіў ) — палітычны дзеяч Ізраіля, сёмы прэм’ер-міністр Ізраіля з чэрвеня 1977 па 1983, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978, разам з Анварам Садатам). У 1940-х гадах кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі Іргун.

6. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, Аўгуст IV (17 студзеня 1732, Воўчын — 12 лютага 1798, Санкт-Пецярбург) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1764—1795).

7. Фелікс Дзяржынскі (11 верасня) 1877 — 20 ліпеня 1926, Масква; Партыйныя мянушкі: Яцан, Якуб, Пераплётчык, Франак, Астраном, Юзаф, Даманскі) — рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны дзеяч. З шляхецкага роду Дзяржынскіх.

8. Хаім Вейцман (27 лістапада 1874, Моталь, цяпер Іванаўскі раён — 9 лістапада 1952) — навуковец-хімік, адзін з лідараў сіянісцкага руху, 1-ы прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль.

9. Рышард Капусцінскі (4 сакавіка 1932, Пінск — 23 студзеня 2007, Варшава) — сусветна вядомы польскі рэпарцёр, журналіст, пісьменнік, паэт, фатограф, „імператар рэпартажу”.

10. Андрэй Грамыка (5 (18) ліпеня 1909, в. Старыя Грамыкі, Веткаўскі раён, Гомельская вобласць — 2 ліпеня 1989) — савецкі дзяржаўны дзеяч і дыпламат, старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1985—1988).

11. Сайман Кузнец (пры нараджэнні Сямён Кузнец; 30 красавіка 1901, Пінск — 8 ліпеня 1985, Кембрыдж, Масачусетс) — амерыканскі эканаміст і статыстык; адзін з заснавальнікаў эмпірычнай эканомікі і колькаснай эканамічнай гісторыі. Доктар філасофіі (1926). Член Нацыянальнай АН ЗША (1972).

12. Янка Купала, сапр. Іван Луцэвіч (25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882, фальв. Вязынка былой Радашковіцкай воласці (цяпер Маладэчанскі раён, Менская вобласць) — 28 чэрвеня 1942, Масква) — беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.

13. Восіп Цадкін (фр.: Ossip Zadkine, уласна Іосель Аронавіч Цадкін; 14 ліпеня 1890, Віцебск — 25 лістапада 1967, Нёі-сюр-Сен, Францыя) — французскі скульптар, паходзіў з сям’і яўрэя і шатландкі.

14. Ірвінг Берлін (пры нараджэнні Ізраіль Бейлін (11 мая 1888, Магілёў — 22 верасня 1989) — амерыканскі кампазітар і паэт-песеннік, адзін з „вялікай пяцёркі” амерыканскіх кампазітараў ХХ ст. Аўтар не менш за 700 песень, напісаў музыку для 13 драматычных спектакляў і 7 кінафільмаў.

15. Леон Бакст (27 студзеня 1866, Гародня – 28 снежня 1924, Парыж) — мастак, сцэнограф, кніжны ілюстратар, майстар станкавага жывапісу і тэатральнай графікі.

16. Аляксандр Лукашэнка (30 або 31 жніўня 1954, г. п. Копысь, БССР) — кіраўнік Беларусі (з 1994), галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь.

17. Хаім Суцін (13 студзеня 1893, Смілавічы — 9 жніўня 1943) — французскі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжання, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

18. Іцхак Шамір (прозвішча пры нараджэнні Езярніцкі; 15 кастрычніка 1915, Ружаны, Гарадзенская губерня, (цяпер Пружанскі раён, Берасцейская вобласць — 30 чэрвеня 2012) — ізраільскі палітык, восьмы і дзесяты прэм’ер-міністр Ізраіля, быў старшынёй Кнэсету і міністрам унутраных спраў.

19. Эліэзэр Бэн-Егуда (сапраўднае імя Эліэзэр-Іцхак Пэрэльман) (7 студзеня 1858, Лужкі Віленскай губэрні, цяпер Шаркоўшчынскі раён Віцебскай вобласці — 16 снежня 1922, Ерусалім, Брытанскі мандат у Палестыне) — „бацька сучаснага іўрыту”, заснавальнік габрэйства, піянер сучаснага сіянізму. Стварыў першы штотыднёвік на іўрыце, заснаваў камітэт мовы іўрыт, пасля — акадэмію іўрыту, пачаў публікацыю першага поўнага слоўніку іўрыту.

20. Залман Шазар (Залман Рубашоў  24 лістапада 1889, Мір, цяпер Гарадзенская вобласць — 5 кастрычніка 1974, Іерусалім, Ізраіль) — ізраільскі грамадскі і сіянісцкі дзеяч, пісьменнік, паэт і публіцыст, палітык, 3-і прэзідэнт Дзяржавы Ізраіль (з 21 траўня 1963 па 24 траўня 1973).

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя