Кінафестываль BelarusDocs-2021 пройдзе з 13 па 19 красавіка



За тыдзень у межах чацвёртага анлайн-фестывалю беларускага дакументальнага кіно BelarusDocs можна будзе, не выходзячы з дому, убачыць сем адметных стужак пра беларускую рэчаіснасць. Кожны з фільмаў праграмы будзе даступны для анлайн-прагляду з англійскімі субцітрамі ў любой кропцы свету на сайце belarusdocs.com.

Беларускае дакументальнае кіно даўно стала брэндам у прафесійным асяроддзі. Калі фільм беларускага рэжысёра трапляе ў праграму ці атрымлівае ўзнагароды на буйнейшых кінафестывалях свету – гэта ўжо нікога не здзіўляе. Апошнім такім яскравым прыкладам з’яўляецца фільм Аляксея Палуяна “Смеласць” (“Courage”), прэм’ера якога адбылася на Берлінскім кінафестывалі, і следам фільм быў адабраны на найпрэстыжныя ў свеце дакументальнага кіно Hot Docs (Таронта, Канада), Visions de Reel (Ньён, Швейцарыя), CPH:DOX (Копенгаген, Данія).

Аднак убачыць лепшыя беларускія дакументальныя фільмы не так проста, асабліва ў той час, калі галоўная пляцоўка, на якой традыцыйна дэманстравалі актуальную айчынную дакументалістыку – кінафестываль “Лістапад”, быў адменены ў мінулым годзе, а на тэлебачанні такое кіно дэманструецца надзвычай рэдка. У такіх абставінах анлайн-фестываль BelarusDocs робіць найлепшае беларускае кіно даступным для кожнага ў любой кропцы свету.

Сёлета акцэнт у праграме фестывалю зроблены на разнастайнасці формаў дакументальнага кіно, а тэматычна – на пытаннях правоў чалавека. У прыватнасці, гледачы змогуць убачыць фільмы, прысвечаныя праблемам хатняга гвалту (“Добрых дзяўчынак не б’юць”), зняволення за “незаконны абарот наркатычных сродкаў” (“Пакаленне 328”), прэзідэнцкім выбарам-2020 у Беларусі (“Маршрут перабудаваны”). Таксама ў праграме – фільм пра жыццё шматдзетнай сям’і на тэрыторыі, забруджанай Чарнобылем (“Невядомы рай”), антрапалагічнае кіно “Новае неба над новай краінай” пра святкаванне Купалля, арганізаванае мастаком Алесем Пушкіным, філасофскі фільм-эсэ “Межы” і дакументальная love-story у здавалася б непрыдатнах для высокіх пачуццяў дэкарацыях – “Месца кахання”.

Характэрна, што 6 з 7 фільмаў праграмы знялі жанчыны-рэжысёркі. І балюча, што двое з маладых дакументалістак – Люба Зямцова і Вераніка Ніканава загінулі ў трагічных абставінах у мінулым і пазамінулым гадах.

Большасць фільмаў праграмы ўпершыню былі паказаныя публіцы на прэстыжных міжнародных кінафестывалях (DOC NYC (Нью-Ёрк, ЗША), Visions du Réel (Ньён, Швейцарыя), Jihlava International Documentary Film Festival (Іглава, Чэхія)), і атрымлівалі ўзнагароды на некаторых з іх (напрыклад, на Verona International Film Festival (Верона, Італія)).

Адзначым таксама, што BelarusDocs – гэта кінафестываль, на якім кожны глядач можа стаць сябрам журы. Для гэтага дастаткова запоўніць адмысловую анкету на сайце – https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSebOBW5MEK5iAntmVK74lJhljMALp0Cj5ZnAVPP_ydEg_KNmw/viewform, паглядзець усе фільмы праграмы і ацаніць іх.

Паводле прэс-рэлізу