Кінафестываль „Лістапад-2020” пройдзе без прызоў ад Лукашэнкі
На 27-м Менскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» не будзе традыцыйных прызоў ад Лукашэнкі. Пра гэта стала вядома Беларускаму фонду культурнай салідарнасці ад крыніц з аргкамітэта.
Раней фільмы, якія падымаюць тэмы духоўнасці, маралі і гуманізму, маглі атрымаць два спецыяльныя прызы ад кіраўніка Беларусі – «За гуманізм і духоўнасць у кіно» і «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», піша REFORM.by.
«Герой усіх нашых фільмаў — чалавек свабодны і стваральны. Сцвярджаць гэта — наша місія тут і цяпер», — гаворыцца ў каментары каманды фестывалю.
З сайта кінафестывалю таксама прыбралі інфармацыю пра Генадзя Давыдзьку, які 10 гадоў з’яўляўся старшынём журы. Сёлета журы ўзначаліць кінаэксперт Кшыштаф Герат.
