Кінастужка „Ідзі і глядзі” ўвайшла ў топ-100 неангламоўных фільмаў па версіі BBC



Ваенная драма „Ідзі і глядзі” з залатой калекцыі „Беларусьфільма” ўвайшла ў сотню лепшых неангламоўных фільмаў па версіі брытанскай тэлерадыёкампаніі ВВС. Рэйтынг, прадстаўлены на сайце ВВС, быў складзены кінакрытыкамі з 43 краін свету.

У сотню лепшых увайшлі фільмы ад 67 рэжысёраў з 24 краін на 19 мовах. Сярод іх сем кінакарцін рускамоўных рэжысёраў – ваенная драма „Ідзі і глядзі” савецкага рэжысёра Элема Клімава, чатыры фільмы Андрэя Таркоўскага – „Люстэрка”, „Андрэй Рублёў”, „Сталкер” і „Салярыс”, а таксама „Чалавек з кінаапаратам” рэжысёра Дзігі Вертава і „Браняносец Пацёмкін” Сяргея Эйзенштэйна.

Фільм „Ідзі і глядзі” быў зняты паводле сцэнарыя беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча на кінастудыях „Беларусьфільм” і „Масфільм”. Дзеянне карціны разгортваецца на тэрыторыі Беларусі ў 1943 годзе. У цэнтры сюжэта – беларускі хлопчык, які становіцца сведкам жахаў нацысцкай карнай аперацыі, на працягу двух дзён ператвараючыся з жыццярадаснага падлетка ў сівога старога.

Прэм’ера фільма „Ідзі і глядзі” адбылася летам 1985 года на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі, дзе ён быў удастоены „Залатога прыза” і адзначаны прэміяй ФІПРЭССІ. За больш як 30 гадоў з моманту стварэння фільм станавіўся лаўрэатам многіх прэстыжных кінафестываляў. У 1985 годзе быў вылучаны ад СССР у лік прэтэндэнтаў на прэмію „Оскар” у намінацыі „Лепшы фільм на замежнай мове”.

Згодна з апытаннем чытачоў часопіса „Советский экран”, „Ідзі і глядзі” прызнаны лепшым фільмам 1986 года, а ў далейшым замацаваўся ў многіх кінарэйтынгах, у тым ліку і замежных. Фільм утрымлівае рэйтынг у памеры 95 працэнтаў „свежасці” па шкале Rotten Tomatoes. Паводле версіі часопіса Time Out, карціна займае шосты радок у спісе „50 лепшых ваенных фільмаў усіх часоў”, адначасова з’яўляючыся лепшым фільмам пра Другую сусветную вайну. У 2008 годзе брытанскі часопіс Empire ўключыў стужку ў спіс „500 вялікіх фільмаў усіх часоў”. Паводле вынікаў апытання, праведзенага ў 2012 годзе брытанскім часопісам Sight & Sound сярод рэжысёраў, карціна заняла 30-е месца ў спісе лепшых фільмаў усіх часоў.

Карціна была адрэстаўрыравана спецыялістамі кінаканцэрна „Масфільм” і ў 2017 годзе атрымала галоўны прыз на 74-м Венецыянскім кінафестывалі ў намінацыі „Венецыянская класіка” за лепшы адрэстаўрыраваны фільм.

belta.by