Кінастужку беларускай рэжысёркі намінавалі на „Оскар”



Фільм маладой беларускай рэжысёркі вылучаны на „Оскар” у катэгорыі „Лепшы фільм на замежнай мове”. Гаворка ідзе пра працу Дар’і Жук „Крышталь” (у міжнародным варыянце – Crystal Swan). Рэжысёрка падзялілася гэтай навіной, апублікаванай вядучым амерыканскім штотыднёвікам Variety, на сваёй старонцы ў Facebook, паведамляе БЕЛТА.

Пра тое, што дэбютная карціна Дар’і Жук абраная ў якасці прэтэндэнта на знакамітую кінапрэмію, стала вядома 30 чэрвеня падчас сусветнай прэм’еры фільма на кінафестывалі ў Карлавых Варах.

Дзеянне стужкі разгортваецца ў 1996 годзе, гісторыя навеяная юнацкасцю самой Дар’і. Дзяўчына-дыджэй, якая жыве ў Менску, марыць пераехаць у Чыкага, каб стаць прафесіяналам. Пры афармленні дакументаў на візу яна дапускае памылку, з-за чаго ёй даводзіцца правесці тыдзень у маленькім завадскім мястэчку, жыхары якога далёкія ад нонканфармісцкага вольнага духу. Здымкі фільма праходзілі ў Беларусі. У яго стварэнні прымалі ўдзел кінакампанія „Дэмарш-фільм”, Нацыянальная кінастудыя „Беларусьфільм”, кампаніі Unfound Content, Fusion Features, Vice Films (ЗША), а таксама нямецкія і расейскія прадзюсары.

Фільм ужо дэманстраваўся на фестывалях у ЗША, Германіі. А ў Таліне на міжнародным кінафестывалі „Цёмныя ночы” кінапраект „Крышталь” атрымаў узнагароду секцыі Works in Progress.

У Беларусі выхад карціны запланаваны на 30 жніўня.

Дар’я Жук. Фота: vk.com

Дар’я Жук нарадзілася ў Менску ў сям’і журналістаў. У 16 гадоў пераехала ў ЗША, скончыла Гарвардскі і Калумбійскі ўніверсітэты, працавала на канале HBO. Рэжысёрка і прадзюсар многіх кароткаметражных карцін, сярод якіх фільм „Сапраўдная амерыканка”, які прымаў удзел у фестывалях па ўсім свеце і атрымаў дыплом Менскага міжнароднага кінафестывалю „Лістапад-2015”