Кіно па-беларуску



Для аматараў кіно па-беларуску гарадзенская этна-крама «Cudoŭnia» запрашае на вечаровы прагляд фільма «Збеглая нявеста». Гэта фільм 1999 года, дзе ў галоўных ролях выступаюць Джулія Робертс і Рычард Ґір.

Летнія прагляды фільмаў па-беларуску праводзяцца ўжо два месяцы і праходзяць шточацвер у дворыку этна-крамы. Гэтая творчая ініцыятыва паволі набывае прыхільнікаў. А на заканчэнні праглядаў удзельнікі не разбягаюцца, як у кінатэатрах, а па жаданні абмяркоўваюць фільм.

Кажа гаспадар этна-крамы «Cudoŭnia» Андрэй Несцяровіч:

– Да кіно па-беларуску мы робім яшчэ музычныя пралогі, то бок невялікі акустычны канцэрт хвілін на 30-40. А пасля гэтага – уласна кіно. Чаму гарадзенцы? Таму што, у першую чаргу, на 30-40 хвілін клікаць каго-небудзь з іншага горада, нават пры дастаткова вялікай колькасці знаёмых музыкаў з іншых гарадоў, – бэссэнсоўна. Ёсць, сапраўды, у Гародні вельмі файныя музыкі, пра якіх ведаюць не так шмат людзей.

У гэты чацвер для ўдзельнікаў летняга кінапрагляду пад адкрытым небам выступяць музыкі гурту «Варта Часу». Пачатак канцэрта а 21-ай гадзіне, пасля  – прагляд фільма. Удзел задарма.

Беларускае Радыё Рацыя