Кірыл Стаселька прадставіць у Гародні новы раман



Беларускі пісьменнік Кірыл Стаселька прадставіць у гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 18 траўня свой новы раман „Дзевяць жыццяў Віта Морэ”.

Пра адметнасць кнігі распавядае адна з арганізатарак сустрэчы Вікторыя Петрусевіч:

– Гарадзенцам будзе цікавы раман Кірыла Стаселькі „Дзевяць жыццяў Віта Морэ”, таму што гэта захапляльны, непрадказальны, эксперыментальны твор, дзе гарманічна сумяшчаюцца розныя літаратурныя жанры і філасофскія плыні ў адно цэлае. Чытач акунецца ў шэрах гістарычных перыядаў і падзей, кантынентаў і краін, пачынаючы ад Беларусі і заканчваючы Егіптам. Таксама будуць згаданыя вялікія творы Дантэ, Кафка, розныя ідэі і канцэпцыі – ніцшыянства і прагматызм. „Дзевяць жыццяў Віта Морэ” – гэта не столькі літаратурны тэкст, размова аўтара з чытачом, а колькі дыялог чытача з самім сабой.

Кірыл Стаселька сваю кнігу выдаў у выдавецтве “Галіяфы”, а грошы на выданне збіраліся праз краўдфандынгавую пляцоўку „Талака”. Сустрэча ў Гародні 18 траўня распачнецца а 16-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя