Кірыл Стаселька прадставіў гарадзенцам “Дзіцячы маніфест”
„Дзіцячы маніфест” Кірыла Стаселькі прэзентавалі на гарадзенскіх курсах беларускай мовы “Мова Нанова Гародня”. Гэта першая кніга менскага аўтара, што выйшла ў свет у 2015 годзе.
Беларускія крытыкі называюць гэты невялічкі зборнік спробай знайсці межы і магчымасці чалавечай свабоды ў грамадстве, зразумець асаблівасці Рубікона, які пралягае паміж нормай і вар’яцтвам, кажа Кірыл Стаселька:
– Гэта невялікіх фарматаў тэксты, але яны па сутнасці паміж сабой звязаныя і сутнасцю, і атмасферай, тэмамі, можа быць настроем герояў. Героі насамрэч вельмі дзіўныя таму, што большасць тэкстаў напісана ў жанры магічнага рэалізму. Сярод іх ёсць такія, хто жыве з галавой, якая існуе абсалютна асобна, ёсць чалавек, якога прарывае знутры і раздзірае яму скуру, ёсць дзеці, якія абвяшчаюць свой уласны маніфест свабоды ад дарослых, ёсць чалавек, якога зняволілі рэчы.
Малады пісьменнік ужо прадставіў гэтую кнігу на некалькіх літаратурных конкурсах і прэміях і быў адным з прэтэндэнтаў на прэмію “Дэбют”. Прэзентацыя ў Гародні адбылася ў выглядзе выступу, дзе прысутныя ў тэатральнай форме чыталі творы з кнігі “Дзіцячы маніфест”.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня