Кітай і Беларусь – традыцыі сустракаюцца



25 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адкрыецца беларуска-кітайскі выставачны праект «Традыцыі сустракаюцца».

Арганізатары – Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Аддзел па абмене культурнымі сувязямі Кітайскай народнай асацыяцыі сяброўства з замежнымі краінамі.

«Традыцыі сустракаюцца» – сумесны мастацкі праект, у якім прадстаўлены традыцыйныя для Беларусі і Кітая віды мастацтва. Нягледзячы на тое, што нашы краіны знаходзяцца на розных баках Еўразійскага кантынента, і ў Кітаі, і ў Беларусі ёсць традыцыі, якія ўласцівыя і беларускаму, і кітайскаму мастацтву (напрыклад: мастацтва выразання з паперы, народны жывапіс, некаторыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і г. д.).

Кітайскія экспанаты прывезены з Пекіна. Іх аўтары – Се Чэнфэй, Лань Сяоці, Чжуан Цунцань, Ян Цуаньфу, Чжан Сяоянь, Лі Дэфэнь, Цінь Цзэжун, Чан Лісянь, Чжу Лія, Чэнь Цян, Вань Лін, Чэнь Ін.

Работы выкананы ў розных тэхніках. У экспазіцыі будуць прадстаўлены кітайскае традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, саломка, роспіс на батыку, навагодні роспіс, ліхтарыкі ручной працы, афарбаваныя кветкамі і кітайскай каліграфіяй, разьба па яечнай шкарлупіне. Кітайская філасофія асвятляе пытанні шчасця і духоўнага росквіту, адзінства і гармоніі і спалучаецца з задумлівымі ўсходнімі назіраннямі прыроды.

Беларуская частка экспазіцыі – выцінанкі – сабраны пры падтрымцы Саюза майстроў народнай творчасці. У экспазіцыі прадстаўлены работы Анастасіі Кузьміч, Вольгі Налівайкі, Галіны Жураўлёвай, Валянціны Слюнчанкі, Веры Янушэўскай, Наталлі Сухой – майстрых, членаў Беларускага саюза мастакоў народнай творчасці. Кожная аўтарка мае свой уласны, непаўторны стыль. Работы мастачак увасабляюць класічныя сюжэты, песні, філасофскія іншасказанні і разважанні, вобразы жывёл, птушак і беларускіх міфалагічных істот.

Мерапрыемства пачнецца а 16-ай гадзіне ў галерэі «Лабірынт», 3-ці паверх.

На адкрыццё ўваход вольны, у іншы час – па чытацкаму білету або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Выстаўка працягне працу да 1 снежня 2019г.

Дата заканчэння работы выстаўкі можа быць зменена.

Паводле прэс-рэлізу