Кізі, Паланюк, Букоўскі і Этвуд – на беларускай мове



Кніжная серыя “Амерыканка” шукае чытачоў праз краўдфандынг.

У чэрвені стартаваў збор сродкаў (http://ulej.by/project?id=199735) на новую кніжную серыю “Амерыканка”, якая, па словах стваральнікаў, “аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць”. Падчас краўдфандынг-кампаніі “Лета з “Амерыканкай” на платформе ulej.by, перакладчыкі і выдаўцы спадзяюцца сабраць 30 тысячаў беларускіх рублёў на выпуск чатырох пілотных кніг серыі.

У малым, кішэнным фармаце ў выдавецтве “Логвінаў” выйдуць раманы “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка, “Чытво” Чарлза Букоўскага, “Пенелапіяда” Маргарэт Этвуд. У вялікім фармаце выдавецтва “Янушкевіч” выпусціць раман “Палёт над гняздом зязюлі” Кена Кізі.

Падчас кампаніі цягам двух летніх месяцаў можна будзе перадзамовіць друкаваныя або электронныя выданні а таксама ахвяраваць на развіццё серыі, якая ў будучыні працягнецца новымі перакладамі.

Першыя 150 замоўцаў атрымаюць 4 кнігі са зніжкай ажно ў 30%. – за 40 беларускіх рублёў. Іх таксама запросяць на вялікую імпрэзу для сяброў “Амерыканкі” ў кастрычніку 2017 года. Ураздроб 4 кнігі будуць у суме каштаваць 60 рублёў. Камплект электронных кніг абыдзецца замоўнікам у 19 рублёў.

У пілотным выпуску серыі – вострыя, скандальныя не толькі для свайго часу раманы, напісаныя ў вострай сакавітай стылістыцы, даўно вядомыя і любімыя чытачамі ва ўсім свеце. Серыя “Амерыканка” дае магчымасць беларусам нарэшце чытаць гэтыя тэксты на роднай мове.

Паўночнаамерыканскую прозу бліскуча перастварылі Аляксей Знаткевіч, Вольга Калацкая, Ігар Кулікоў і Сярж Мядзведзеў. Два з чатырох перакладаў паўсталі ў выніку працы Перакладніцкай майстэрні Беларускага Калегіюму.

Фота ulej.by