Класіку японскага кіно пакажуць у Менску 3-8 красавіка



Класіку японскага кіно пакажуць у Менску 3-8 красавіка, паведамілі на прадпрыемстве „Кінавідэапракат” Менгарвыканкама.

Кінасеансы пройдуць у кінатэатры „Піянер”. Менчукам прадставяць шэсць фільмаў ад вядучых рэжысёраў Японіі, лаўрэатаў буйнейшых фестываляў свету – Берлінскага, Канскага, Венецыянскага. Будуць паказаны аўтарскія карціны, у якіх самабытнасць стылю і традыцый своеасабліва спалучаюцца з папулярнымі глядацкімі жанрамі. У іх ліку любоўная драма „Ззянне”, сямейны трылер „Фісгармонія”, псіхалагічны дэтэктыў аб тайнах правасуддзя і ісціне „Трэцяе забойства”, драма „Дзённік Умімаці”, фантастычная гісторыя аб уварванні іншапланецян „Пакуль мы тут”.

Праграму „Змярканне і прыгажосць: Новая класіка японскага кіно” прадстаўляе Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў „Арт Карпарэйшн” пры падтрымцы пасольства Японіі і кампаніі JTI. Усе фільмы дэманструюцца на мове арыгінала з рускімі субцітрамі.

Як адзначылі арганізатары праекта, рэтраспектыва японскага кіно паказваецца ў беларускай сталіцы сёмы раз. У папярэднія гады гледачы ўбачылі карціны вядомых японскіх кінарэжысёраў Сёхэя Імамуры і Кэйскэ Кінасіты, а таксама фільмы, знятыя кінакампаніяй „Сёціку”, назіралі за містычнымі гісторыямі традыцыйнага японскага жанру „кайдан”. У перыяд падрыхтоўкі да тыдня японскага кіно 22 сакавіка ў культурнай прасторы ОК16 кіназнавец і праграмны дырэктар кінафестывалю „Лістапад”, член Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI Ігар Сукманаў прачытае лекцыю „Японскае кіно. Імперыя пачуццяў”.

belta.by