Кліп гурта «Дай дарогу!» «Баю-бай» прызналі экстрэмісцкім матэрыялам



Пастанову вынес суд Ленінскага раёну Берасця.

 

Лідар гурта «Дай дарогу!» Юры Стыльскі атрымаў пастанову суду пра тое, што кліп ягонага калектыву на песьню «Баю-бай» унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Зборам дакументаў для падачы ў суд займалася 6-я ўправа ГУБАЗіК Берасцейскай вобласці. Матэрыялы перадалі ў абласную экспэртную камісію ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці/адсутнасці ў ёй экстрэмізму.

Камісія прыйшла да высновы, што «кліп зняты з мэтай дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структураў».

«На гэта ўказваюць вобразы кіроўцы аўтазаку, які на камбайне пераследуе ні ў чым не вінаватых людзей. Ахвяры паказаныя гранічна міралюбнымі і безабароннымі. Такім чынам, сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку выстаўлена аўтарамі песні як бязлітаснае забойства, учыненае супрацоўнікамі сілавых структураў», — гаворыцца ў выснове дзяржаўных экспэртаў.

На думку сяброў камісіі, гэты кліп распальвае сацыяльную варажнечу, маючы прыкметы экстрэмізму. Кліп і яго магчымыя копіі ўлады прызналі экстрэмісцкім матэрыялам.

Лідар «Дай дарогу!» Юры Стыльскі адкрыта выказваўся супраць беззаконня і гвалту сілавікоў, браў удзел у зборных канцэртах падчас агітацыйнай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў, граў на плошчах і ў дварах. За ўдзел у «несанкцыянаваных акцыях» яго не раз затрымлівалі.

Канцэрт калектыву 7 траўня ў сталічным клюбе Re: Public не дазволілі менскія ідэолягі, а ў сакавіку АМАП сарваў здымкі кліпу гурту ў адным з клюбаў. Фактычна «Дай дарогу!» знаходзіцца ў спісе негалосна забароненых гуртоў, афіцыйныя выступы яму забараняюць, не выдаюць канцэртнае пасведчанне.

svaboda.org