Кліп з песняй Алеся Дзянісава да 90 год Караткевіча
Гарадзенскія акцёры, якія ўваходзяць ў незалежны тэатральны рух, зрабілі мастацкі твор – кліп да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча.
Кажа акцёр Васіль Калач:
– Хацелі яго запісаць на верш, мы тады яшчэ не ведалі, што Алесь Дзянісаў напісаў песню на гэты верш. Шукалі, хто будзе начытваць. Я не хацеў яго начытваць сам, таму што я і рэжысёр, і акцёр у гэтым кліпе. Я шукаў добры, яшчэ не чутны ў Гародні голас. Першы, хто да мяне прыйшоў у галаву, каб гэта быў не пафасны акцёр, а менавіта чалавек, які насамрэч адчувае, што ў гэтым вершы, гэта быў Алесь Дзянісаў.
Па словах Алеся Дзянісава, тое, што акцёры звярнуліся да яго, не было нечаканасцю:
– Мы акурат паглядзелі, што сёлета споўнілася б 90 год Уладзіміру Караткевічу, нашаму славутаму пісьменніку, класіку, таму кліп гэты выходзіць менавіта 26 чысла. Да стварэння кліпа я асабіста ніякага дачынення не маю, проста так склаліся абставіны, што я даведаўся, што штосьці такое плануецца. А яны ведалі, што я рыхтую альбом на вершы Караткевіча, і проста запыталіся, ці ёсць у мяне гэтая песня. Я сказаў, што так, на гэты верш канкрэтна ёсць.
У кліпе акцёры паспрабавалі паказаць пераемнасць пакаленняў барацьбы ад касінераў Каліноўскага – да дзявочай рэвалюцыі у белым у 2020 м годзе.
Беларускае Радыё Рацыя