Клуб „Піраты” адмовіўся праводзіць канцэрт Вайцюшкевіча



Запланаваны на сёння канцэрт гурта WZ-orkiestra на чале са Змітром Вайцюшкевічам не адбудзецца. Клуб „Піраты” адмовіўся выконваць узятыя на сябе абавязкі.

„Разумеем, што кіраўніцтва „Піратаў” адмовілася ад правядзення канцэрту не па сваёй волі”, – паведамляе  арганізатар канцэрту  – партал tuzin.fm. Гэта не першы канцэрт, які срываецца цягам апошіх 10 гадоў, – кажа сам Зміцер Вайцюшкевіч:

– Канцэрты, якія прысвечаны літаратуры, паэзіі, любові, каханню – гэта таксама стала небяспечным. Адчуваю няёмкасць перад аўдыторыяй, якая набыла квіткі загадзя, збіраецца з сям’ёй ці са знаёмымі, з каханымі ісці на канцэрт нейкага артыста, які там ужо дзесяць гадоў пад забаронай у Беларусі. Разумею, што тыя, хто забараняе гэтыя канцэрты, на гэта і разлічваюць, што людзі апусцяць рукі.

Суцяшальная сустрэча ды аўтограф-сесія з музыкам Змітром Вайцюшкевічам пройдзе ў галерэі Tut.by восьмага лютага. Ахвотныя змогуць вярнуць грошы за квіткі, набытыя на канцэрт WZ-orkiestra.

Арганізатары таксама падалі заяўку на новае гастрольнае пасведчанне на канцэрт у іншым клубе.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by