„Клёцкі з душамі” папоўняць дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў



Традыцыйная страва Віцебскай вобласці „Клёцкі з душамі” папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Такое рашэнне прынята сёння на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры.

„Клёцкі з душамі” – страва, распаўсюджаная на захадзе Віцебскай вобласці: у Лепельскім, Докшыцкім, Ушацкім, Глыбоцкім, Пастаўскім, Шаркоўшчынскім, Браслаўскім, Мёрскім, Верхнядзвінскім, Чашніцкім раёнах. Многія жыхары вобласці захоўваюць пра яго веды – тэхналогію падрыхтоўкі, рэцэптуру, карыстаюцца імі на практыцы. Страва бытуе ў жыцці гараджан і вяскоўцаў.

Асноўны кампанент –  бульба. Назву страва атрымала ад начыння, якое кладзецца ў сярэдзіну клёцкі і называецца „душой”. Першапачаткова клёцкі з’яўляліся рытуальнай стравай памінальнага стала, але з цягам часу іх сталі рыхтаваць і ў выхадныя дні, калі збіраецца ўся сям’я. Акрамя бульбы для падрыхтоўкі клёцак неабходныя мука, цыбуля, прыправа, для начыння выкарыстоўваюцца сала, мяса, фарш, грыбы або хатняя каўбаса. Працэс падрыхтоўкі клёцак патрабуе пэўных навыкаў.

Бульбяную масу, нацёртую на дробнай тарцы, адціскаюць. Пасля таго, як адстаіцца вада, яе зліваюць, а крухмал, які сабраўся, кладуць у масу, соляць, дадаюць трохі мукі, замешваюць. У начынне кладуць кмен, соль, цыбулю. Начынне закладваюць у дранку, фармуюць клёцкі і вараць у кіпячай вадзе. Практыка падрыхтоўкі гэтай стравы не перарывалася, што звязана з трывалым яго замацаваннем ў мясцовай сістэме харчавання і досыць простай рэцэптурай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях, выкарыстоўваецца ў пунктах грамадскага харчавання. Эксперты лічаць, што ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі стравы „Клецкі з душамі” дазволіць развіваць нацыянальную кухню, яе традыцыі.

belta.by