Кніга-карцінка „Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”



Пачалася краўдфандынгавая кампанія ў падтрымку выдання кнігі Ульфа Старка „Звяры, якіх ніхто не бачыў, апроч нас”. Аўтар праекта: Выдавецтва KOSKA.

Вясёлыя філасофскія вершы для дзяцей ад вядомага шведскага пісьменніка Ульфа Старка і 25 каляровых разваротаў ад выбітнай фінскай ілюстратаркі Лінды Бундэстам.

Аб праекце Такіх звяроў і праўда ніхто (апроч нас!) не бачыў – у кнізе вы пазнаёміцеся з Эскалопам, Кракавякам, Сланцам, Клыпантропкай, Качэўлікам ды іншымі цудоўнымі істотамі, якія жывуць вакол і ўнутры нас. Яны навучаць чытача думаць пра важнае і заўважаць дзівоснае ў сабе і іншых.

Што за кніга? Кніга выйшла ў 2016 годзе ў Швецыі, атрымала прызнанне і шэраг намінацый ды прэмій. Ранейшыя кнігі Ульфа і Лінды перакладзеныя на многія мовы, але гэтая пакуль толькі на нарвежскую і дацкую. Пераклад на беларускую мову гатовы – засталося толькі выдаць кнігу!

Якія ў кнізе ілюстрацыі? Ілюстрацыі Ліндэ Бундэстам выкананыя ў змяшанай тэхніцы. Кніга дапаможа прывіць густ да канцэптуальнага афармлення.