Кніга не пра Пуціна



У Менску адбылася прэзентацыя кнігі пісьменніка, старшыні „Саюза беларускіх пісьменнікаў” Барыса Пятровіча „Пуціна”. Гэта ўжо дзясятая яго кніга, але прэзентацыю ён праводзіць упершыню. І падштурхнула яго да гэтага цяжкая сітуацыя з кнігарняй „Логвінаў”. Сродкі, выручаныя ад продажу кніг, пісьменнік пералічыць у яе падтрымку.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Аднак мерапрыемства пачалося з жарту. На якім складзе назвы ставіць націск – Пуціна ці Пуціна?  Па словах Барыса Пятровіча, на гэтую нечаканую гульню сэнсаў звяртаюць увагу амаль усе.

Барыс Пятровіч: „Я супраць таго, каб няправільна ставілі націск, на першы склад, а не на другі. Калі пісалася гэта рэч, лідар суседняй дзяржавы і яго другая палова, якіх так часта згадваюць зараз, тады яшчэ не былі настолькі вядомымі. І мне нават не думалася, што некалі будуць узнікаць такія асацыяцыі ў чытачоў з гэтымі асобамі з суседняй дзяржавы. Таму я вырашыў усё-такі пакінуць назву, не змяняць ва ўгоду сённяшняй сітуацыі. Пуціна – гэта масавы лоў рыбы, які бывае ў тых мясцінах, якія апісваюцца ў аповесці – на Курылах, на Сахаліне.

Мне шкада было, што гэтыя творы, „Стах” і „Пуціна” ў свой час прайшлі нібыта незаўважанымі.  Я іх зараз перагледзеў і мне падалося, што яны і сёння актуальныя. Хоць з моманту напісання першай аповесці „Стах” прайшло 20 гадоў, тым не менш, тыя праблемы, якія хвалявалі майго героя ў 90-х гадах, яны засталіся, на жаль,  і сёння праблемамі не да канца вырашанымі, ці зусім не вырашанымі. Яны і сёння хвалююць нашых сучаснікаў. І таму мне падалося, што варта нагадаць пра кнігі, якія пісаліся хай сабе і даўно, але тым не менш, яны працягваюць заставацца ў сённяшняй беларускай літаратуры сведчаннямі  не толькі таго часу, але ў пэўным сэнсе, і гэтага часу”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Паэт Сяргей Законнікаў: „Барыс Пятровіч вельмі плённа працуе. І асабліва важна, што ў гэты час, такі неўстойлівы, трывожны час з’яўляюцца яго кнігі, трывожныя кнігі. Але гэтыя аповесці, і „Стах” і „Пуціна”, вельмі гуманістычныя аповесці. Яны выходзяць на агульначалавечыя тэмы, вельмі блізкія любому чалавеку – гэта дабро і зло, месца чалавека на гэтай планеце, у гэтым жыціі, гэта яго трывогі, сумненні. Кожны чалавек думае пра тое, для чаго ён сюды прыйшоў і з чым пойдзе туды, як кажуць, у лепшы свет. А творчаму чалавеку, можа быць, яшчэ больш складана ў гэтым жыцці. Я нічога не магу сказаць пра людзей, якія пражываюць прасцейшае жыццё. Але творчаму чалавеку, асабліва ў наш час, вельмі складана і жыць і працаваць. І тым не менш, у Барыса знаходзяцца і маральныя і фізічныя сілы для таго, каб пісаць такія дасканалыя тэксты. Я вельмі рады таму, што ў нашай літаратуры працуе такі моцны па ўсіх параметрах празаік”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пісьменнік, крытык, публіцыст Сяргей Дубавец: „Трывожнасць прысутнічае ва ўсёй творчасці Барыса Пятровіча. І яна супадае з агульнымі настроямі сёння, калі тое, што мы чуем са сродкаў масавай інфармацыі, выклікае такое самае пачуццё. І гэта робіць прозу Барыса вельмі актуальнай, вельмі сённяшняй, надзённай. Хоць гэтыя творы і пісаліся 10-20 гадоў таму, але тым не менш, бывае такое з мастацкай літаратурай, калі ў свой час твор можа не настолькі ярка прагучаць, а праз нейкі час раптам дыханне празаіка супадае з дыханнем грамадства”.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Пісьменнік Алесь Пашкевіч: „Гэтая кніга вельмі адметная, як квінтэсенцыя ўсёй творчасці Барыса Пятровіч. Яна высвечвае ўсе грані яго прозы. Кожная старонка „Пуціны”, як тая лакмусава папера, высвечвае, найперш тое, што тут няма ні кіслаты, ні вады, – мутнай найперш, а ёсць вада кастальская, якая дапамагае кожнаму, хто спрычыніцца да прозы Барыса Пятровіча, зразумець, што жыццё, хоць і кароткае, але вечнае”.

Завяршаючы вечарыну, Барыс Пятровіч распавёў, што хаця выдаў ужо 10 кніг, але гэта першая публічная прэзентацыя: „Яе прычынай стала тое, што мне прапанавалі паўдзельнчаць у марафоне падтрымкі кнігарні „Логвінаў”, якая сапраўды вельмі шмат робіць дзеля беларускай літаратуры, дзеля беларускай культуры, дзеля беларускай мовы. Падтрымаць кнігарню – гэта наш абавязак, бо фактычна мы летась страцілі кнігарню „Галіяфы”, яшчэ адну беларускую кнігарню. На мяжы страты таксама  і кнігарня „Логвінаў”. Але нашымі намаганнямі, нашымі высілкамі мы можам захаваць яе”, – сказаў Барыс Пятровіч (Сачанка).

У сваём выступе ён заклікаў падтрымаць кнігарню, каб цудоўны асяродак беларускай літаратуры ў цэнтры Менску не знік.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск