Кніга па гісторыі вёскі Масаляны



Напярэдалні Новага года жыхары вёскі Масаляны Бераставіцкага раёна атрымалі цудоўны падарунак – кнігу Галіны Румак “Масаляны праз смугу стагоддзяў”. Кніга выйшла з друку ў Слонімскай друкарні накладам 1000 асобнікаў.

“Масаляны праз смугу стагоддзяў” – гэта выданне, у якім распавядаецца пра ўзнікненне вёскі, пра важнейшыя падзеі з гісторыі вёскі і мясцовай царквы, пра людзей і іх справы. Кніга складаецца з чатырох частак. Але найбольшай з’яўляецца апошняя, якая распавядае пра гісторыю Масалянскай царквы. Галіна Румак пазнаходзіла шмат цікавых дакументаў, звязаных з царквой.

Masaljany

Masaljany.j1peg

 

Гэта розныя ведамасці царквы, біяграфіі святароў, якія там служылі, летапісы дзейнасці царквы ў XIX-XX стагоддзях і г.д. Аўтарка цікава і дасканала апісала лёсы сем’яў святароў Масалянскай царквы. Спынілася аўтарка ў сваіх раздзелах і на гісторыі дзейнасці князёў Масальскіх, апісала род Біспінг фон Галена, сёстры якога былі заснавальнікамі Масалянскай ардынацыі, а Наталля Біспінг-Кіцкая – гераіняй Польшчы эпохі рамантызму. Апісала аўтарка і сучасныя Масаляны, найбольш увагі звярнула на раённае свята паэзіі “Масалянскія салаўі”.

У кнізе вельмі шмат здымкаў і паэтычных радкоў, прысвечаных Масалянам, якія напісалі беларускія паэты.

Барыс Баль. Беларускае Радыё Рацыя. Бераставіцкі раён