Кніга пра беларускі культурны мацярык у Латвіі
У менскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў з друку другі вялікі том выбраных твораў “Крывіцкія руны”, прысвечаны беларускаму культурнаму мацярыку ў Латвіі. Кнігу склалі, напісалі прадмову і каментар беларускія рупліўцы-літаратуразнаўцы Міхась Казлоўскі з Маладзечна і Сяргей Панізьнік з Менску.
Яшчэ ў 2003 годзе ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў першы том выбранай паэзіі, прозы і публіцыстыкі “Крывіцкія руны: беларускія пісьменнікі Латвіі”, які быў цёпла і сардэчна прыняты літаратурнай грамадскасцю і неабыякавымі чытачамі Беларусі. Прайшлі гады, і наспела патрэба ў выданні чарговага тома адпаведнай тэматыкі. Так з’явіўся і другі том “Крывіцкіх рунаў”, які налічвае ажно 450 старонак.
У новае выданне ўвайшлі выбраныя творы беларускіх літаратараў і грамадскіх актывістаў, якія жылі ў ХХ стагоддзі ў Латвіі: Адварды Будзькі, Баляслава Брэжгі, Уладзіміра Пігулеўскага, Кастуся Езавітава, Віктара Вальтара, Аўгена Бартуля, Сяргея Сахарава, Вольгі Сахаравай, Міхася Каліны, Міколы Панькова, Янкі Доўгага, Лявона Паэгле, Матыльды Езавітавай і іншых.
У кнігу трапілі таксама ліставанне дзеячаў беларускай культуры, біяграфіі, некралогі, успаміны, праграмы, статуты, інструкцыі беларускіх партый і арганізацый у міжваеннай Латвіі, фотаздымкі і шмат іншага, што ўдалося даследчыкам адшукаць у дзяржаўных і прыватных архівах, а таксама на старонках беларускіх перыядычных выданняў міжваеннай і сучаснай Латвіі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя