Кніга пра гістарыю усходняй беларускай мяжы
Гэтую кнігу аматары беларускай гісторыі чакалі каля трох гадоў. Яе аўтар Віктар Цемушаў пайшоў з жыцця пасля цяжкай хваробы ў 2011 годзе, пакінуўшы рукапіс кнігі. Рэдакцыя часопіса Arche паабяцала выдаць манаграфію гісторыка. Кніга атрымала назву «На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага. (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.)».
Кажа рэдактар Arche Аляксандр Пашкевіч:
– Гэтая кніжка прысвечана таму, як фармавалася, што сабой ўяўляла мяжа паміж Вялікім княствам Літоўскім і Вялікім княствам Маскоўскім у 15-16 стагоддзях, як яна мянялася падчас тых самых войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, дзе яна праходзіла і якім чынам яна адрозніваецца ад сучаснай мяжы Рэспублікі Беларусь з Расейскай Федэрацыяй.
Прадмову да кнігі напісаў доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў. Выданне мае каля 500 старонак, а таксама каля 35 унікальных картаў літоўска-маскоўскага памежжа.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя