Кніга пра пісьменнікаў сучаснага пакалення
Эсэ і літаратурныя партрэты, змешчаныя ў новай кнізе пісьменніка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, ганаровага грамадзяніна Буда-Кашалёўскага раёна Міколы Чарняўскага “Свая ёсць песня…”. Яна знаёміць з вядомымі паэтамі і празаікамі сучаснага пакалення. Большасць з іх – гэта яго равеснікі, сябры па жыцці і творчасці Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Уладзімір Дзюба, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мазго, Уладзімір Матвеенка, Васіль Ткачоў, Расціслаў Бензярук і іншыя.
Праўдзіва і шчыра, з добрым веданнем таго, пра што апавядае, прыгадвае Мікола Чарняўскі таксама далёкую пару свайго супрацоўніцтва з газетай “Піянер Беларусі”, якая ўжо не выдаецца, працу ў рэдакцыі часопіса “Бярозка”, узнаўляе гісторыю са знакамітай паэмай “Сказ пра Лысую гару”, сустрэчы з яе аўтарам – народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, дзеліцца ўспамінамі пра кнігу свайго маленства “Ніколі не забудзем”.
Кніга Міколы Чарняўскага “Свая ёсць песня…” можа стаць карыснаю для ўсіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, паважліва ставіцца да нашага роднага слова. Яна выйшла з друку ў Менску ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя