Кніга пра прафесара Фаму Бельскага



У менскім выдавецтве Зміцера Коласа выйшла з друку кніга “Фама Антонавіч Бельскі: біяграфічныя матэрыялы і артыкулы”. Аснову кнігі склалі матэрыялы да біяграфіі вучонага-педагога прафесара Фамы Бельскага (1890-1952).

belski fama

Нарадзіўся Фама Бельскі ў мястэчку Цімкавічы Капыльскага раёна.

У 1909 годзе, пасля заканчэння Слуцкай гімназіі з сярэбраным медалём, Фама Бельскі паступіў у Кіеўскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. Закончыў славутую навучальную ўстанову паспяхова ў 1913 годзе, атрымаў дыплом першай ступені “з усімі правамі і перавагамі”. Пасля вучобы ён на некалькі дзён прыехаў у Цімкавічы, паўстаў у прыгожым віцмундзіры і ва ўсім бляску маладосці, парадаваў сваіх родных і блізкіх. Фама Антонавіч быў накіраваны на працу ў г. Златапаль, што на Украіне. У Златапальскай гімназіі ён выкладаў рускую мову, прыгожае пісьменства і псіхалогію. Неўзабаве пачаў карыстацца папулярнасцю і любоўю сваіх выхаванцаў ды іх бацькоў. Працаваў з вялікім імпэтам: арганізаваў літаратурны гурток, які ставіў п’есы, вёў заняткі па мастацкай дэкламацыі і інш. У гады Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны на фронт, а з 1920 года Фама Антонавіч паспяхова чытаў лекцыі па педагогіцы і рускай літаратуры на 3-гадовых педкурсах у Наваміргарадзе, Інстытуце народнай адукацыі ў Златапалі і Данецкім інстытуце народнай адукацыі (г. Луганск).

У 1925 годзе Фаму Антонавічу прысвоілі званне прафесара педагагічных навук. Вышэйшай школе вучоны аддаў звыш 30-ці год свайго жыцця. Прафесарам педагогікі ён працаваў у 1920-я — напачатку 1930-х гадоў у Данецкім і Херсонскім інстытутах народнай адукацыі.

У 1932 годзе прафесар Ф. А. Бельскі ўзначаліў кафедры педагогікі Краснадарскага педінстытута і Кубанскага сельскагаспадарчага інстытута. У 1935 годзе прафесар Бельскі пачаў загадваць кафедрай педагогікі і псіхалогіі ў Магілёўскім педінстытуце. Але доўга на радзіме Фама Антонавіч не затрымаўся. Надыходзіў 1937 год — усё часцей бясследна знікалі людзі, чуліся прысуды “ворагам народа”, станавілася цяжка дыхаць у атмасферы ўсеагульнай падазронасці і страху. Сям’я Бельскіх у чарговы раз пакуе рэчы і выпраўляецца ў Сярэднюю Азію, за тысячы кіламетраў ад Беларусі. Да 1940 года Фама Антонавіч працаваў прафесарам педагогікі і псіхалогіі Ферганскага і Какандскага педінстытутаў (Узбекістан). Потым працаваў у Бухарскім педінстытуце, кіраваў навукова-педагагічнай дзейнасцю адной з профільных кафедраў. Апошняе яго месца працы — загадчык кафедры педагогікі Кіеўскага дзяржаўнага інстытута фізкультуры.

bekski

Навукова-педагагічная спадчына прафесара Ф. А. Бельскага адносна невялікая. Лепшае, шго напісана ім, было створана ў 1920-я гады падчас працы ў гарадах Луганску і Херсоне. Першая яго друкаваная праца была філолага-метадычнага характару — “Аб вывучэнні крытыкі”, і з’явілася яна ў Маскве ў 1917 годзе. Аднак сфера яго навуковых інтарэсаў з цягам часу набыла дакладна акрэслены характар — педагогіка, агульная і ўзроставая псіхалогія. У першай палове 1920-х гадоў ён апублікаваў артыкулы “Навукова-педагагічная экскурсія”, “Педагагічная кансультацыя, методыка яе правядзення” і некаторыя іншыя. Сапраўдны плён прынёс актыўны ўдзел вучонага ў Навуковым таварыстве на Данеччыне, якое наладзіла сувязь з Украінскай акадэміяй навук…

Кнігу пра Фаму Бельскага склаў яго ўнук, доктар філалагічных навук, прафесар з Менску Алесь Бельскі. Гэта ўжо другая кніга пра Фаму Бельскага, першая з іх пабачыла свет у 2012 годзе. У новае выданне ўвайшлі новыя артыкулы і ўрыўкі з публікацый пра яго жыццё, педагагічную і арганізацыйную дзейнасць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.