Кніга пра радзіму Ігната Дварчаніна



У менскім выдавецтве “Кнігазбор” выйшла з друку кніга слонімскага літаратара, гісторыка, краязнаўца і журналіста Сяргея Чыгрына “На радзіме Ігната Дварчаніна”.

v

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Кніга прысвечана Дзятлаўшчыне, яе знакамітым людзям, помнікам і мясцінам. Аўтар найперш цікава распавядае пра вядомых людзей Дзятлаўшчыны – Ігната Дварчаніна, Сяргея Хмару, Пятруся Граніта, Васіля Струменя, Гарасіма Праменя, Нікіфара Жальбу, Вячаслава Адамчыка, Віталя Губарэвіча, Міхася Петрыкевіча і многіх іншых асобаў, лёс якіх звязаны з дзятлаўскай зямлёй.

У кнізе знайшлі месца і гутаркі з вядомымі людзьмі Дзятлаўшчыны: педагогам і былым спартсменам Валерам Петрыкевічам, з настаўніцай роднай мовы Вікторыяй Воўкавай, журналістам і літаратарам Уладзімірам Васько, з гісторыкам і краязнаўцам Фёдарам Красюком.

Шмат радкоў у кнізе адведзена былым ТБШоўцам Паўлу Крынчыку і Алене Лябецкай, разьбяру па дрэве Уладзіміру Мацюку. Хораша і светла аўтар напісаў пра Вячаслава Чамярыцкага, Леанарду Юргілевіч, Мікалая Несцярэўскага,  пра вёскі і крыніцы, валуны і помнікі Дзятлаўшчыны.

Кніга “На радзіме Ігната Дварчаніна” ўжо паступіла ў менскую кнігарню “Акадэмічная кніга”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя