Кніга пра вёску Ліпляны
Рыхтуюцца прэзентацыі ўнікальнага выдання пра беларускую вёску. Гэта бадай самае поўнае даследаванне асобна ўзятай вёскі. Кніга пра Ліпляны Лельчыцкага раёна была ідэяй яе ўраджэнца Ігара Жабароўскага.
– Калі чалавек цікавіцца гісторыяй свайго роду, сваёй малой радзімы, то відавочна яму цікавая гісторыя ў прынцыпе. Гэта праца вельмі вартая ўвагі. З усіх прац пра вёскі, якія я бачыў, мне здаецца, гэтая адна з найлепшых. Пра гэта гавораць людзі, якія ўжо бачылі кнігу.
Неўзабаве адбудуцца дзве прэзентацыі кнігі. Адна ў саміх Ліплянах, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, другая ў Менску.
Кажа выдавец кнігі Алесь Квіткевіч:
– Самае важнае – паказаць у сталіцы, сёння ўжо нашчадкам людзей з розных рэгіёнаў, што ёсць цікавага і непаўторнага менавіта ў гэтым куточку беларускага Палесся. Зараз рыхтуем даволі насычаную праграму разам з Сержуком Доўгушавым, іншымі ўдзельнікамі, кніга яшчэ ўнікальная тым, што яна ўтрымлівае дыск з фільмам пра вёску і спевамі. Будзе што і паслухаць, і пабачыць.
Кнігу напісала Вольга Іванова, якая карпатліва збірала ўспаміны жыхароў вёскі. Многіх ужо няма на свеце, а тых, хто паходзіць з Ліплянаў або проста цікавіцца гісторыяй беларускай вёскі, запрашаюць на прэзентацыі. Іх дакладны час будзе вызначаны неўзабаве.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск