Кніга ўспамінаў пра пісьменнікаў



У менскім выдавецтве “Народная асвета” выйшла з друку цудоўная кніга Міколы Чарняўскага. Яна называецца “На парозе дабрыні і болю”. Не так часта сёння выдаюцца кнігі ўспамінаў пра тых людзей, якія яшчэ нядаўна былі побач, жылі і працавалі на гэтым свеце. Не часта радуюць нас і кнігі ўспамінаў пра пісьменнікаў.

Да сённяшніх дзён прыгадваюцца найцікавейшыя ўспаміны пра літаратараў, якія напісалі і пакінулі Максім Лужанін, Станіслаў Шушкевіч (старэйшы), Васіль Хомчанка, Павел Пруднікаў, Алесь Звонак, Ян Скрыган, Алег Лойка і іншыя. Такія ўспаміны пра літаратараў вельмі добра чытаюцца, асабліва, калі пра іх напісалі тыя людзі, якія сябравалі, вучыліся, разам працавалі.

Вопытны і таленавіты, сяброўскі і шчыры Мікола Чарняўскі ў кнізе “На парозе дабрыні і болю” напісаў пра сваіх равеснікаў і пра старэйшых сяброў па пяру, якія ўжо адыйшлі ў нябыт. Хораша і светла прыгадвае аўтар пра Станіслава Шушкевіча, Анатоля Грачанікава, Васіля Вітку, Рыгора Барадуліна, Яўгенію Янішчыц. Чытаеш пра іх згадкі Міколы Чарняўскага і яны нібы жывыя паўстаюць перад вачыма, набываючы нейкую незвычайную рэальнасць.

Міколу Чарняўскаму ў жыцці пашанцавала ведаць і быць добра знаёмым з Янкам Маўрам, Артурам Вольскім, Уладзімірам Дубоўкам, Алесем Пальчэўскім, Сяргеем Грахоўскім, пра якіх ён таксама прыгадвае ў сваёй кнізе. І вядома ж пра сваіх равеснікаў – Хведара Чэрню, Анатоля Сербантовіча…

Кніга Міколы Чарняўскага напісана лёгкай мовай, у ёй прысутнічае гумар і чытаецца яна на адным дыханні.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя