Кніга вершаў беларускіх паэтаў, прысвечана Слонімшчыне
Слонімшчыне пашанцавала. Пра яе заўсёды пісалі і пішуць беларускія паэты. Ёй прысвячаюць вершы, паэмы, балады, у творах адлюстроўваюць гісторыю слонімскай зямлі, апяваюць знакамітых слонімцаў, помнікі, падзеі. Прыйшоў час сабраць пад адну вокладку лепшае з напісанага. Так атрымалася паэтычная кніга з назвай “Слонімскія настроі”, якую падрыхтаваў і напісаў да яе прадмову і выдаў слонімскі літаратар Сяргей Чыгрын. Кніга пабачыла свет у менскім выдавецтве “Кнігазбор”.
У кнігу ўвайшлі лепшыя паэтычныя творы беларускіх аўтараў, напісаныя ў розны час і прысвечаныя Слонімшчыне: гораду, вёскам, рэкам, помнікам, людзям слонімскай зямлі. Гэта вершы Алега Лойкі, Міколы Арочкі, Ларысы Геніюш, Анатоля Іверса, Сяргея Новіка-Пеюна, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Сучка, Віктара Шымука, Алеся Пісьмянкова, Васіля Супруна, Эдзі Агняцвет, а таксама вершы тых паэтаў, якія сёння жывуць у розных гарадах Беларусі: Міколы Аўрамчыка, Дануты Бічэль, Юркі Голуба, Міхася Скоблы, Сяргея Панізьніка, Алеся Чобата, Леаніда Дранько-Майсюка, Алены Руцкай, Алы Петрушкевіч, Андрэя Хадановіча, Віктара Шніпа, Міколы Канановіча і многіх іншых паэтаў.
Кніга цікавая яшчэ і тым, што амаль да кожнага верша Сяргей Чыгрын напісаў каментар, зрабіў сваеасаблівую гісторыка-краязнаўчую даведку, каб чытачы зразумелі, каму і чаму прысвечаны той ці іншы верш.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя