Кніга для дзяцей на шрыфце Брайля
Кніжка для дзяцей гарадзенскага паэта Віктарa Кудлачова выйшла на шрыфце Брайля. Назывецца яна “Калі дзеці смяюцца.”
Сябра абласнога таварыства інвалідаў па зроку, паэт выдаў за сваю творчую дзейнасць дваццаць дзіцячых кніжак. Цяпер ён спадзяецца, што і яго адзіная беларускамоўная кніжка “Сонца ранак падарыла” таксама выйдзе паводле шрыфта Луі Брайля, каб парадаваць беларускіх дзетак.
– Адбылося гэта дзякуючы былой навучэнцы нашай школы Алене Татаровіч, якая зараз працуе ў Менску журналісткай у нашым гукавым часопісе “Таварыш”. Ён распаўсюджваецца у школах і на прадпрыемствах для сляпых. У Алены нарадзілася дачушка з нармальным зрокам. Але мама не можа пачытаць ёй кніжкі. Вось Алена Татаровіч і звярнулася ў банкі, якія адгукнуліся і пералічылі грошы выдавецтву “Асвета”.
Выданне такіх кніжак вельмі накладнае ў Беларусі. Як сказаў аўтар, адзіны асобнік такой кнігі каштуе 1 мільён беларускіх рублёў. Таму выдадзена толькі пяцьдзясят асобнікаў. Яны ўжо накіраваныя ў бібліятэкі, якімі карыстаюцца інваліды па зроку па ўсёй Беларусі. Выданне ажыццявіла дзяржаўнае выдавецтва “Народная асвета” з фундатарскай дапамогі.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара