Кнігарня “ЛогвінаЎ” запрашае на паседжанне клуба «Ні слова праўды»



Сталічная кнігарня “логвінаЎ” запрашае на другое паседжанне клуба «Ні слова праўды». Клуб быў створаны для абмеркавання навінак беларускай літаратуры.

Гэтым разам адбудзецца абмеркаванне зборніка прозы Аляксея Палачанскага «Мой цвік», які пабачыў свет летась у выдавецтве “Галіяфы”.

Кажа дырэктар выдавецтва Зміцер Вішнёў:

– Імпрэза будзе з нагоды таго, што Аляксей Палачанскі сёлета атрымаў прэмію “Дэбют” у намінацыі проза. І гэтая падзея прайшла дастаткова ціха. Кнігарня “логвінаЎ” хоча акцэнтаваць увагу на новыя імёны ў літаратуры. 

Мадэратар сустрэчы – празаік Альгерд Бахарэвіч. У абмеркаванні бяруць удзел таксама Сяргей Сыс і Зміцер Вішнёў.

Кніга Аляксея Палачанскага «Мой цвік» – прыклад маладой беларускай прозы, дзе ўздымаюцца праблемы сучаснасці праз унутраны свет лірычнага героя і персанажаў апавяданняў.

Імпрэза адбудзецца 14 ліпеня, пачатак 19-й гадзіне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя