Кнігі ад унучак і праўнучкі Якуба Коласа
Унучка народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа Вера Міцкевіч шмат гадоў сябруе з супрацоўнікамі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Якуба Коласа. Яна шмат разоў наведвала бібліятэку, прымала ўдзел у розных сустрэчах, канферэнцыях, прэзентацыях.
Пры бібліятэцы працуе Музей беларускай кнігі, адзін з пакояў якога прысвечаны Якубу Коласу. Матэрыялы ў ім распавядаюць пра галоўныя этапах жыцця песняра. Тут захоўваюцца зборы твораў, юбілейныя выданні, рэдкія кнігі Якуба Коласа 1914, 1928 гадоў. Вялікай каштоўнасцю з’яўляецца кніга “Адшчапенец” з аўтографам пісьменніка: “Слонімскай Раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6.IX.1954”. Экспазіцыя сістэматычна папаўняецца новымі публікацыямі пра Якуба Коласа і выданнямі яго твораў, дзякуючы сяброўству з Верай Міцкевіч.
Нядаўна Слонімская раённая бібліятэка імя Якуба Коласа зноў атрымала падарункі, дзякуючы ўнучцы Якуба Коласа. Гэта каштоўныя выданні з установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа”, галоўным захавальнікам фондаў якога з’яўляецца праўнучка песняра – Васіліна. Нашчадкі Якуба Коласа – унучкі Марыя і Вера, а таксама праўнучка Васіліна Міцкевічы, як аўтары прадмоў, пакінулі памятныя надпісы на кнігах-падарунках.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя