Кнігі беларускіх палітвязняў прэзентавалі на кніжным кірмашы ў Польшчы



4 лістапада ў Катавіцах на адным з найбуйнейшых кніжных кірмашоў у Польшы праваабаронца Алена Лапцёнак прэзентавала выдавецкую серыю «Беларуская турэмная літаратура».

Серыя была заснавана ПЦ «Вясна» ў 2017 годзе. Яна ўключае ў сябе літаратурныя творы, напісаныя з ўласнага турэмнага досведу: прозу, вершы, дзённікі, успаміны.

Ідэя выпуска кніг палітвязняў у адной выдавецкай серыі прыйшла старшыні «Вясны», праваабаронцу і літаратару Алесю Бяляцкаму, які ў 2011-2014 гадах адбыў па палітычнай справе тры гады калоніі, напісаў «Турэмныя сшыткі», а цяпер зноў асуджаны на 10 гадоў калоніі за сваю праваабарончую дзейнасць.

На дадзены момант у серыі выдадзена 10 кніг.

Мастак Алесь Пушкін, аўтар «Турэмнага альбому», памёр у зняволенні праз неаказанне яму своечасовай медычнай дапамогі. Пяць аўтараў серыі цяпер знаходзяцца ў зняволенні па палітычных справах: Алесь Бяляцкі, Максім Знак, Ігар Аліневіч, Мікола Дзядок, Павел Севярынец.

вясна