Кнігі Гальяша Леўчыка, якія не выйшлі з друку



Беларускі паэт, музыкант, мастак, калекцыянер Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч; 1880-1944) – да сённяшніх дзён застаецца асобай загадкавай, недаследаванай і цікавай.

Нарадзіўся ён 140 гадоў таму – 20 ліпеня 1880 года ў Слоніме, куды пераехаў яго бацька з-пад Ружан у пошуках „шчасця-долі ў шырокім свеце”. Ілья скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, служыў пісарчуком у каморніка, а пасля ў канцылярыі міравога суддзі.

Набыўшы на курсах прафесію чарцёжніка, юнак падаўся ў Варшаву. Там ён уладкаваўся на працу ў будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата.   Напачатку 1920-х гадоў  Ілья Ляўковіч спрабаваў перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт вярнуўся назад у Варшаву і жыў там на становішчы то дробнага служачага, то беспрацоўнага.

З 1907 года Ілья Ляўковіч супрацоўнічаў з газетай „Наша ніва”, дасылаў вершы, якія падпісваў псеўданімам Гальяш Леўчык. „Наша ніва” моцна прывязвае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для „Беларускага календара”, выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы граматы, пячаткі, беларускія выданні.

У Варшаве Гальяш Леўчык аб’ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, аказваў бясконцыя сяброўскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апекаваўся прыезджымі, гуртаваў у зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся беларускай мовы. А ў вольны час займаўся творчасцю: пісаў вершы, перакладаў з польскай і рускай моваў, апрацоўваў беларускі фальклор.

У 1912 годзе ў Вільні выходзіць яго першы зборнік вершаў „Чыжык беларускі”. А ў 1980 годзе беларускі літаратуразнавец Янка Саламевіч сабраў і апублікаваў асобнаю кнігай выбраныя творы Гальяша Леўчыка пад загалоўкам „Доля і хлеб”. Яны выйшлі да 100-годдзя паэта.

Жывучы ў Варшаве, Гальяш Леўчык вельмі хацеў выдаць яшчэ некалькі сваіх кніжак. А выдаваць у яго было шмат чаго. Найперш ён хацеў выпусціць свайго “Чыжыка беларускага” кірыліцай. Падрыхтаваў да друку зборнік 138 трыялетаў “Мудра прыгаворка – соладка і горка”. Марыў, каб выдаць на беларускай мове папулярныя ў тыя гады польскія і рускія песні ў сваім перакладзе, а таксама паэму “Дзяды” Адама Міцкевіча па-беларуску. Напісаў і падрыхтаваў да друку новы свой паэтычны зборнік “Жаўранак беларускі”, а таксама брашуру сатырычных карыкатур. На ўсе гэтыя выданні ён па крупінцы, амаль галадаючы, збіраў у Варшаве злотыя. Збіраў і высылаў іх у Вільню выдаўцам, дамаўляўся з імі, загадзя плаціў ім, а яны так і не надрукавалі ніводнай яго кнігі ў тыя 1920-я гады. Віленскія выдаўцы ашуквалі Гальяша Леўчыка сваімі абяцаннямі, а ён ім верыў, чакаў, дасылаў лісты, просячы іх, раючыся з імі, як найлепш выдаць той ці іншы зборнік, а таксама аддаваў ім апошнія злотыя, і з надзеяй чакаў сваіх кніг. Але гэтыя надзеі былі марныя. Нахабныя віленчукі, такія як Уладзіслаў Знамяроўскі, не рэагавалі на яго лісты і просьбы. Магчыма яны добра ведалі, хто такі быў Гальяш Леўчык, ведалі, што гэта даволі сціплы, безабаронны, адзінокі, наіўны і добры беларус у Варшаве. Пра яго Зоська Верас пісала, што “ён меў шмат плюсаў: быў вельмі таварыскі, спагадлівы, услужлівы. Гатовы кожнаму памагчы, увайсці ў палажэнне. Ніколі не шкадаваў свайго часу, калі трэба было яго ахвяраваць не толькі для нейкай важнай справы, але нават для прыемнасці. Сам поўны жыццёвай энергіі, лічыў сваім абавязкам быць знаёмым з усімі беларусамі, што прыязджалі ў Варшаву, і заўсёды быць з імі ў кантакце. Разумеецца, заўсёды падтрымліваў адносіны з Вільняй…”.

Але віленчукі крыўдзілі Гальяша Леўчыка. Гэта па іх віне, мы не трымаем сёння ў руках тыя выданні і творы беларускага літаратара, якія ён тады напісаў і хацеў выдаць. Многія з іх згубіліся. Толькі засталіся факты пра выдавецкія пакуты Гальяша Леўчыка.

Жывучы ў Варшаве, паэт найперш вельмі хацеў выдаць свае трыялеты і шукаў выдаўца. І ён яго знайшоў у асобе Уладзіслава Знамяроўскага. Больш таго, у кастрычніку 1927 года паэт заключыў з ім і яго жонкай Марыяй Знамяроўскай пісьмовую дамову на выданне беларускіх кніжак пад фірмаю “Кніжніца”. Аднак, відаць, з гэтай дамовы нічога не атрымалася. Знамяроўскі, атрымаўшы ад Леўчыка 400 злотых на выданне зборніка трыялетаў, перастаў пісаць да яго. І ў пісьме ад 30 лістапада 1927 года паэт абрынуўся на выдаўца за тое, што хоча разваліць “Кніжніцу” і за тое, што не хоча друкаваць творы.

Праз дзесяць дзён прыслаў адказ Знамяроўскі. Ён паведамляў, што затрымка выйшла з-за таго, што завод не адліў новы шрыфт, а стары не варта набіраць. Нарэшце шрыфт быў куплены. І Знамяроўскі ў пісьме ад 16 красавіка 1928 года пісаў Леўчыку, што паслаў яму карэктуру трыялетаў, а дагэтуль яшчэ назад не атрымаў. У наступным пісьме ад 22 красавіка Знамяроўскі просіць Леўчыка прыслаць яму 100 злотых на паперу, якая закладзена ў банку, і на паперу на вокладку, а “то кніжка будзе ляжаць да канца свету”. Пры гэтым Знамяроўскі зганьбіў трыялеты Леўчыка.

Тады паэт звяртаецца па дапамогу да Янкі Маразовіча, Ігната Дварчаніна, Ігната Мятлы, Міколы Шыла і іншых віленскіх сяброў. Ён піша ім, што Знамяроўскі выпрасіў яшчэ 25 злотых, а кніжку дагэтуль не выдае. Леўчык просіць, каб яны знайшлі якуюсь раду на “шахрая Знамяроўскага, які тады енчыў перада мною, што няма работы і няма з чаго жыць”.

Пакуль не знайшлося доказаў наконт таго, ці дапамаглі сябры Гальяшу Леўчыку вярнуць грошы, ці не. Цяжка пакуль на гэта пытанне адказаць. Але кнігі яго ў Вільні так і не пабачылі свету. Акрамя адной, першай, – у 1912 годзе. Шырокія планы і цікавыя задумкі былі ў Гальяша Леўчыка, але вельмі малыя магчымасці. Вельмі шкада…

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

На фота: Мечыслаў Барвіцкі. Партрэт Гальяша Леўчыка. 1927 г.; кніга Гальяша Леўчыка „Чыжык беларускі”; Рамуальд Зямкевіч, Гальяш Леўчык і Зоська Верас у Варшаве, 1914 г.

Фота з архіва аўтара