Кнігу „Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” прэзентуюць 3 траўня



Кнігу „Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” прэзентуюць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 3 траўня, паведаміў намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Алесь Суша, які з’яўляецца таксама складальнікам кнігі.

Выданне „Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка” ўключае найбольш яркія і арыгінальныя нарысы, створаныя на працягу цэлага стагоддзя вывучэння лёсу і творчай спадчыны вялікага беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Упершыню будзе прадстаўлена і першая публікацыя пра Францыска Скарыну, напісаная па-беларуску.

Усе тэксты, што ўвайшлі ў склад выдання, створаны ў розныя храналагічныя перыяды і з’яўляюцца ўвасабленнем свайго часу, нясуць на сабе адбітак сваёй эпохі. Іх аўтарамі з’яўляюцца вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, пісьменнікі, вучоныя, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў, журналісты. Але сабраныя разам яны ствараюць цэласны, багаты і шматгранны вобраз нацыянальнага героя, прадстаўляюць веліч і значнасць справы Францыска Скарыны.

Выданне складзена ў даступнай і пазнавальнай форме, адрасавана шырокай чытацкай аўдыторыі. Цудоўнае афармленне ў выкананні аднаго з лепшых сучасных мастакоў кнігі – Усевалада Свентахоўскага – дало магчымасць выданню стаць лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу „Мастацтва кнігі – 2017”.

У час мерапрыемства адбудзецца таксама прэзентацыя анімацыйнага фільма, які пакажа, што на самай справе думаюць беларусы пра Францыска Скарыну сёння.

belta.by