Кнігу з вершамі і лістамі Ларысы Геніюш да ўнукаў прэзентуюць на Падляшшы
Вершы без цэнзуры і аўтарскія малюнкі Ларысы Геніюш. Пабачыла свет унікальная кніга “…унукам”, якая сабрала вершы для дзяцей выбітнай беларускай паэткі, многія з якіх былі адрасаваныя ўнукам – Міхасю ды Алесю. У кнізе знойдзем таксама лісты да ўнукаў, адказы на іх, фотаздымкі з сямейнага архіву Міхася Геніюша.
Унук паэткі ў інтэрв’ю для нашага радыё падзяліўся ўспамінамі пра бабулю, да якой з Беластоку ў Зэльву яму дазвалялася ездзіць толькі раз на два гады:
– Гэта быў чалавек, які любіў Беларусь, які любіў народ беларускі, які любіў гэтую мову і які хацеў быць добрым, сумленным чалавекам. І каб усе рабілі як яна. Яна шукала праўды і гэта ў яе жыцці было найважнейшым.
Кніга Ларысы Геніюш “…унукам” з’явілася дзякуючы ініцыятыве і намаганням беларускага журналіста Глеба Лабадзенкі. Працягвае ўнук паэткі – Міхась Геніюш:
– Разам з Глебам мы пайшлі ў архіў. Пашукалі і ў маім хатнім архіве, і ў архіве ў Менску. Знайшлі арыгіналы, знайшлі таксама раней недрукаваныя вершы, знайшлі для гэтага адпаведную форму. І так з’явілася кніжка.
Прэзентацыя кнігі пройдзе сёння, 14 лютага, у Беластоку ў дыскусійным клубе АБ-Бы “Пагаворым пра… жыццё і творчасць Ларысы Геніюш”. Пачатак а 18-ай гадзіне. У пятніцу, 15 лютага, Міхась Геніюш і Глеб Лабадзенка правядуць сустрэчы ў бельскім беларускім ліцэі і бельскай тройцы, а пазней у Рыбалах. А ў суботу, 16 лютага, запрашаюць на прэзентацыю ў Гародні.
Цалкам размова:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя