Кніжная спадчына Пуслоўскіх выстаўлена ў Слоніме
У Слонімскім краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага да 1 кастрычніка будзе працаваць унікальныя выстава старых кніг з бібліятэкі шляхетнага роду Пуслоўскіх канца XVIII – пачатку ХХ стагоддзяў. Менавіта Пуслоўскія былі ў мінулых стагоддзях гаспадарамі на землях Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны, у тым ліку і на Слонімшчыне.
Пуслоўскія ўсё жыццё збіралі кнігі, былі вялікімі бібліяфіламі. Яны мелі ўнікальную бібліятэку. Каля 10 тысяч кніг XV—пачатку ХХ стагоддзяў захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і старадрукаў Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея з 1927 года. Іх падаравала музею графіня Марта Красінская з Пуслоўскіх.
Гарадзенскі музей прывёз у Слонім рэдкую выставу старых кніг з бібліятэкі Пуслоўскіх. Дарэчы, Пуслоўскія некалі не толькі папаўнялі свае зборы, але і дазвалялі карыстацца імі сваім сябрам і знаёмым. Каб кожная кніга ўсё ж вярталася на сваё месца, гаспадары пазначалі іх з дапамогай адмысловых знакаў – подпісаў, штампаў і экслібрысаў.
На выставе ў Слоніме паказаны самыя разнастайныя выданні мінулых стагоддзяў. На выставе можна ўбачыць і арыгінальныя дакументы з архіву Пуслоўскіх, асабістыя і афіцыйныя лісты, квітанцыі пра падпіску і рахункі. Сярод экспанатаў – школьны сшытак Тытуса Пуслоўскага, 1813 года, выклік у суд Войцеха Пуслоўскага за пазыку, якую ён узяў пад заклад маёнтка Раготна ў Слонімскім павеце, 1814 года. Наведвальнікі з цікавасцю паглядзяць на падручнік па гісторыі Францыі і рымскай гісторыі, выдадзены ў Парыжы ў 1801 годзе са штампам Пуслоўскіх, медаль у памяць Тадэвуша Касцюшкі, 1817-1917 г., медаль да 100-годдзя паўстання 1830-1831 гадоў, польскі палітычны каляндар на 1802 год, геральдычны даведнік 1877 года, вадзяныя знакі на паперы фабрык Пуслоўскіх, гісторыя Вільгельма III, 1703 года, партрэты Пуслоўскіх, старыя здымкі іх сядзібаў і сваякоў, а таксама шмат іншых дакументаў і рэчаў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім Фота аўтара