«Кніжныя скарбы Беларусі»
Да 500-годдзя пачатку беларускага кнігадрукавання выйшла кніга «Кніжныя скарбы Беларусі», падрыхтаваная супрацоўнікамі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і выдавецтвам «Беларусь».
Змястоўнае выданне на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай – распавядае пра Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку і пра гісторыю беларускай кніжнасці, пададзеную праз музейную экспазіцыю.
Аўтар выдання – дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара Джумантаева распавядае пра гісторыю беларускай кнігі і пісьменства, кнігапісання і кнігадрукавання.
Багата ілюстраваная кніга змяшчае шмат цікавых здымкаў, у тым ліку экспазіцый Музея беларускага кнігадрукавання – адзінага музея падобнага тыпу ў Беларусі, які прысвечаны гісторыі кнігі (ад першых рукапісных скруткаў да сучаснасці), стварэнню пісьменнасці, пісьмовых прылад, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі.