Код(т) Гародні “крочыць” па гарадзенскіх крамах і кавярнях



Адмысловы праект, дзе каты намаляваныя на фоне славутасцей горада, у выглядзе паштовак і магнітаў, “пакрочыў” па Гародні. Цяпер яго можна знайсці ў розных гарадзенскіх крамах і кавярнях.

Распавядае адзін са стваральнікаў праекту, гаспадар гарадзенскай “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Цікавасць з’явілася ў гаспадароў іншых сувенірных крамаў, таму што ўжо ў некаторых месцах яны ёсць і прадаюцца, а ў некаторых месцах яны хутка з’явяцца, бо ўжо дамовіліся. Больш за тое, у адным з кафэ – “МакаРоніне” – ёсць цэлы стэндзік з нашымі катамі. І яны там “жывуць” ужо некаторы час. Людзі таксама купляюць іх цэлым камплектам – гэта пяць штук. Гэта вельмі прыемна. Каты гарадзенскія “катанізіруюць” Гародню паступова, метадычна, але надзейна.

Кожны жадаюцы можа падтрымаць гэты праект і замовіць сабе магніты і паштоўкі з катамі праз сацыяльныя сеткі “Цудоўні”, а таксама праз “талаку” гэтага праекту, што створана на сайце molamola.by.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Сяргея Апановіча