«Колеры і фарбы жыцця»: памяці Эдуарда Мазька



У Гародні прайшла штогадовая літаратурна-мастацкая імпрэза «Колеры і фарбы жыцця». Яе правядзенне прымеркавана памяці паэта, гісторыка Эдуарда Мазька, якому 29-га жніўня споўнілася б 48 гадоў.

Месцам правядзенне імпрэзы стала творчая прастора „Дом 46”, што на вуліцы Яхіма Лелявеля. Кажа Анатоль Брусевіч, паэт і сябра Эдуарда Мазька:

– Ён быў выбітным паэтам, выдатным вучоным, даследчыкам, дацэнтам універсітэта гарадзенскага. І таму сябры збіраюцца, калегі былыя прыходзяць, каб ушанаваць памяць. Кожны год фармат трошкі мяняецца. І часам выглядае як навуковая канферэнцыя. Адзін раз выглядала як паэтычныя чытанні. Сёння гэта больш сяброўская бяседа.

У мінулым годзе, на падобнай сустрэчы выказалася думка, пра неабходнасць сабраць навуковую і паэтычную спадчыну Эдуарда пад адну вокладку. Справа ідзе, але за год асіліць адбор яго твораў аказалася немагчыма. Кажа яго ўдава, Галіна:

– Такая задума была. І спачатку меркавалася, што магчыма гэта будзе адна кніга, у якую ўвойдуць і вершы Эдзіка, і ягоныя навуковыя працы. Але падчас укладання стала зразумела, што гэта будзе занадта вялікі том. І параіўшыся з сябрамі, і вось са спадаром Анатолем Брусевічам, мы вырашылі, што лепш выдаць асобна вершы і асобна навуковыя працы. Таму што вершаў  там больш за 500 найменняў.

Едрусь Мазько раптоўна памёр у 2011 годзе. Пасля смерці быў выданы яго пасмяротны зборнік вершаў „Займеньнікі”, падрыхтаваны роднымі й сябрамі. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара